Штраф 15 базавых за фота, альбо чым займаюцца міліцыянты ў працоўны час
Сёння ў судзе Маскоўскага раёна адбыўся чарговы суд над Вікай Біран:
актывісткай, якая фатаграфавалася ля дзяржаўных будынкаў у Мінску з
плакатам "Сами вы подделка", рэагуючы такім чынам на агрэсіўны выпад МУС
супраць ЛГБТ-супольнасці.
Працэс вяла суддзя ТаццянаМодаль.
Згодна рапарту міліцыянта Маскоўскага РУУС Астафьева, "24 мая пры маніторынгу сеткі Інтэрнэт на citydog.by была знойдзеная фатаграфія, на якой выяўленая актывістка ЛГБТ-супольнасці Біран Вікторыя Паўлаўна, якая правяла акцыю ў падтрымку ЛГБТ-супольнасці".
Нажаль, суд у гэты раз не выклікаў міліцыянта ў якасці сведкі, таму пытанне аб тым, ці ўваходзіць у штодзённы абавязак супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС штодзённы маніторынг сайта citydog.by, так і павісла ў паветры. Гэтаксама як і пытанне аб тым, ці ведаў Астафьеў Біран асабіста да гэтага і таму так упэўнена апазнаў яе на першым жа фота.
Рэчыўным доказам пікета ля Дома Ураду, як і на папярэднім судзе, служылі скрыншоты. Таксама ў матэрыялах справы цытаваўся запіс Біран у Фэйсбуке.
Сама падсудная заявіла, што тое, што яна рабіла, не было пікетаваннем і тым больш "выражэннем стаўлення да ЛГБТ-супольнасці", як запісана ў пратаколе. Адзінай яе мэтай было зрабіць фатаграфію, выкласці яе ў Фэйсбук і сабраць лайкі.
Аналагічна выказаўся адвакат, заявіўшы што ў дзеяннях Біран няма складу адміністрацыйнага правапарушэння, бо фатаграфаванне не адносіцца да масавага мерапрыемства, ніхто з мінакоў не звяртаў увагу на тое, што адбывалася, і тым больш у гэтых фатаграфіях адсутнічае грамадская небяспека ці парушэнне чыіхсьці інтарэсаў.
Суд аргументаў абаронцы не пачуў і вынес прысуд, аналагічны папярэдняму: 15 базавых велічынь штрафа.
Пасля працэсу ўжо двойчы асуджаная Біран падзялілася з намі сваімі ўражаннямі:
— Як ацэніваеш працэс і тую падтрымку, якую табе аказваюць?
— Падтрымку ацэньваю чароўна і геніяльна (на абодвух судах прысутнічала некалькі дзясяткаў сябраў Вікі і тых, хто прыйшоў яе падтрымаць. — НЧ). Гэта самае прыкольнае, што было на гэтым працэсе. Што датычна аплаты штрафу, то на сёння было сабрана больш чым 200%, неабходных для аплаты. Гэта каля 1,5 тыс рублёў.
— А чаму ізноў рашэнне аналагічнае папярэдняму?
— Я прыйшла да высновы, што, напэўна, Цэнтральны суд лічыцца нейкім "больш галоўным", і таму астатнія суды паўтараюць рашэнні за ім. Ды і хутчэй за ўсё гэта не яны вырашылі, а за іх вырашылі, які прысуд выносіць, таму яны яго і капіруюць.
— А калі наступны працэс?(яшчэ адзін пратакол быў складзены на Біран у Ленінскім РУУС. —НЧ).
— Пакуль чакаю позвы з суду. Зараз сканчаюцца тэрміны адміністрацыйнага пратаколу — застаюцца апошнія дні, калі ён можа быць разгледжаны.
Фота Мікалая Дзядка.