З 9 ліпеня Польшча пачынае выдаваць гуманітарны від на жыхарства беларусам

Ад сёння беларусы могуць атрымаць гуманітарны від на жыхарства ў Польшчы, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

hramadzianstva_2805.jpg


Офіс па справах замежнікаў Польшчы апублікаваў інфармацыю пра новы дазвол на часовае знаходжанне для беларусаў, якія маюць гуманітарныя візы, — гэта гуманітарны від на жыхарства. Новая працэдура набывае моц 9 ліпеня. Прававой падставай з'яўляецца пункт п. 9 ч. 1 арт. 186 закона «Аб іншаземцах».
«Такі від на жыхарства будзе выдавацца ў сувязі з тым, што грамадзянін, які звяртаецца, не можа вярнуцца ў Беларусь. І ён выключае магчымасць падарожжаў у Беларусь. Парушэнне гэтага правіла можа быць расцэнена польскімі ўладамі як парушэнне правілаў выдачы гэтых віз, і вам можа пагражаць штраф з забаронай на ўезд у ЕС», — звяртае ўвагу прадстаўніца офіса Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.
Атрымаць гуманітарную візу змогуць беларусы, якія прыехалі ў Польшчу з Украіны, дзе легальна знаходзіліся да 24 лютага 2022 года. Таксама гэта тычыцца грамадзян Беларусі, якія ўжо маюць гуманітарныя польскія візы і знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы.
У Офісе Ціханоўскай падкрэсліваецца, што МЗС разгледзіць магчымасць пашырэння катэгорый беларусаў, якія могуць атрымаць візы на тэрыторыі Польшчы.
Паводле «Еўрарадыё».