Зяленскі выказаўся пра магчымасць расійскай ядзернай зброі ў Беларусі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэдзіў, што нельга нядбайна ставіцца да размяшчэння Расіяй ядзернай зброі ў трэціх краінах, піша «Радыё Свабода».
«Розныя запалохванні, што да "падарожжа" або "міграцыі" ядзернай зброі з Расійскай Федэрацыі ў розныя куткі свету, — мы чулі неаднаразова. І пра размяшчэнне будучай ядзернай зброі на часова акупаванай тэрыторыі Крыма, і цяпер мы чуем інфармацыю наконт Беларусі», — сказаў Зяленскі падчас прэс-брыфінгу прэзідэнтаў Літвы, Польшчы і Украіны.
«Я лічу, што з такімі рэчамі нельга гуляцца. А для Украіны гэта даволі звычайная сітуацыя адносна чарговай інфармацыйнай атакі з боку Расіі і некаторых прадстаўнікоў Беларусі.
Прынамсі, мы будзем дакладна ведаць, калі гэта адбудзецца, дзе знаходзіцца частка ядзернай зброі Расіі».
Паводле Зяленскага, краіны NATO таксама ўвядуць жорсткія санкцыі супраць Расіі і Беларусі, калі з'явяцца доказы размяшчэння ядзернай зброі ў трэцяй краіне. Таму прэзідэнт Украіны лічыць, што расійскі ўрад на такі крок не пойдзе.