Хрысціянскія дэмакраты, якія памерлі ў адзін дзень (відэа)

Сустаршыня БХД Павел Севярынец распавядае пра двух выбітных хрысціянскіх дэмакратаў, якія памерлі ў адзін дзень, 28 красавіка 1944 года.

1493364491_1444468707_heca.jpg


Павел Севярынец у сваім новым відэазвароце з нагоды 100-годдзя "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” распавядае пра двух выбітных хрысціянскіх дэмакратаў — Люцыяна Хвецьку і Ільдэфонса Бобіча, якія памерлі 28 красавіка 1944 года.

Люцыян Хвецька — гэта адзін з патрыярхаў "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”. Ён нарадзіўся 22 лістапада 1889 года ў Малышаўцы, гэта Сакольскі павет, сённяшняе Падляшша. Паступіў у Пецярбургскую духоўную акадэмію і хутка стаў адным з самых здольных вучняў, а затым і выкладчыкаў. Быў выпушчаны з Пецярбургскай акадэміі ў рангу магістра тэалогіі, стаў святаром і адначасова адным з заснавальнікаў "Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці”.

Разам з Фабіянам Абрантовічам, буйным дзеячам, каталіцкім, пасля і ўніяцкім святаром, яны заснавалі вялікі асяродак у Пецярбургу, які пасля пачаў дзейнічаць па ўсёй Беларусі. Люцыян Хвецька — заснавальнік буйнейшай беларускай хрысціянска-дэмакратычнай газеты — "Крыніца”, якая сталася галоўнай газетай беларускай руху ў міжваеннай Заходняй Беларусі.

Люцыян Хвецька — аўтар шматлікіх артыкулаў і выбітны арганізатар. 1922 годзе ён арыштоўваўся бальшавікамі, у 1923 годзе — паўторна, толькі ў 1925 годзе ў выніку абмену ён апынуўся ў Польшчы, затым працаваў ў шматлікіх парафіях ў Падляшшы і на Палессі. У 1944 годзе ў вёсцы Хотава, альбо, як яе там называюць, — Хатава, будучы пробашчам касцёла, ён зазнаваў пераслед і з боку нямецкай паліцыі, якой не падабаўся беларускі рух, і з боку савецкіх партызанаў. І падчас аднаго з партызанскіх рэйдаў на вёску ён вымушаны быў хавацца, у адной бялізне выскачыў з плябаніі ў снег, застудзіўся і 28 красавіка 1944 года памёр. Да гэтага часу каля Хотаўскага касцёла стаіць надмагілле Люцыяну Хвецьку, аднаму з заснавальнікаў беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху.

Другі хрысціянскі дэмакрат, які воляю Бога адышоў у той жа самы дзень, быў Ільдэфонс Бобіч. Вядомы многім даследчыкам пад псеўданімам Пётра Просты.

Ільдэфонс Бобіч нарадзіўся 10 студзеня 1890 года ў вёсцы Дзедзінка, гэта сённяшні Мёрскі раён, вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, дзе і ўсвядоміў сябе як беларуса. Быў высвечаны на ксяндза, вучыўся ў Рыме, атрымаў ступень доктара тэалогіі і быў адным з самых адукаваных хрысціянскіх дэмакратаў.

Быў пробашчам у Германавічах, гэта сённяшні Шаркаўшчынаўскі раён, працаваў у шматлікіх парафіях па ўсёй Беларусі і развіваў беларускі рух і беларускасць. Касцёл у тыя часы быў пераважна польскім, і таму гэты чын, гэтае падвіжніцтва патрабавала асаблівай мужнасці.

Ільдэфонс Бобіч адзін з самых плённых і грунтоўных аўтараў беларускай хрысціянскай прэсы тых часоў.

У 1940-х ён быў пробашчам у Іўі, немцы таксама не любілі самастойных і здольных беларускіх святароў. Яго арыштавалі, два гады ён правёў у нямецкай вязніцы і, падарваўшы сваё здароўе, памёр амаль адразу па выхадзе з яе — 28 красавіка 1944 года. Пра Бобіча памяць у Іўі засталася хіба што ў выглядзе ягонага надмагілля каля касцёла.

"Але менавіта імёнамі і прозвішчамі такіх герояў, якія аддалі сваё жыццё за Бога і Беларусь, на наш погляд павінныя называцца вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў. Гэта тычыцца Стоўбцаў, дзе няма вуліцы Люцыяна Хвецькі, гэта тычыцца і Іўя, дзе, на жаль, дагэтуль няма вуліцы Ільдэфонса Бобіча. "Беларуская хрысціянская дэмакратыя” у свой стогадовы юбілей будзе рыхтаваць кампаніі дзеля ўшанавання памяці гэтых людзей — і мы запрашаем вас далучацца”, — адзначыў Павел Севярынец.

bchd.info