Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута. Частка 5

На гэты раз вандроўка па слядох легендарнага кіраўніка Кобрынскага паўстанцкага атраду 1863 году Рамуальда Траўгута прывяла ў вёску Грушава, што ў 28 кіламетрах на паўночны ўсход ад Кобрына.

Марыя Радзевіч на прыканцы XIX ст.

Марыя Радзевіч на прыканцы XIX ст.


Пачатак вандроўкі 1, 2, 3 і 4. 
Разам з сябрамі і аднадумцамі скіраваліся сюды, бо ў маёнтку Грушава Кобрынскага павету 58 год жыла і стварала аповесці і навэлы выбітная беларуская польскамоўная пісьменніца Марыя Радзевіч (2 лютага 1864, маёнтак Пянюга, зараз у Зэльвенскім раёне Горадзенскай вобласці Беларусі — 6 лістапада 1944, лясніцтва Лявонава каля Жэлязны ў гміне Скерневіцэ, зараз у Лодзінскім ваяводстве Польшчы. Пахавалі яе ў Жэлязны, у 1948-м парэшткі перанеслі на Алею заслужаных у Павонзках, Варшава).

Рамуальд Траўгут у лёсе Марыі Радзевіч


Іхныя жыцці непарыўна звязаныя. Калі камандзіра кобрынскіх інсургентаў пераследаваў атрад расійскіх войскаў, цяжарная Марыяй Амелія Радзевіч забіла казака, які гнаўся за Траўгутам, і выратавала ад немінучай пагібелі будучага нацыянальнага героя Польшчы і кіраўніка Нацыянальнага паўстанцкага ўраду ў Варшаве.
Добра, што царскія следчыя не ведалі пра гэты гераічны ўчынак Амеліі Радзевіч з Кужанецкіх і Ордаў. За захаванне ж зброі для інсургентаў бацьку Марыі Генрыха Радзевіча — удзельніка паўстанцкага атраду Рамана Рагінскага пакаралі двума гадамі катаргі і 10 гадамі пасялення ў Табольскай губерні, а маці — ссылкай у Сібір.  

Бацькі Марыі — Амелія і Генрых Радзевічы
Бацькоў разлучылі з дзецьмі — з месячным немаўляткам Марыяй, з яе старэйшымі сёстрамі і братам: Цэленай, Габрыэлай і Генрыхам. Паколькі бацькоўскі маёнтак Пянюга быў канфіскаваны, бяздомных дзяцей выхоўвалі спачатку дзядуля ў Замошшы пад Янавам, а пасля ягонага сыходу ў лепшы свет — цётка Караліна Скірмунт у Кожаневе на Піншчыне.

Марыя Радзевіч у дзяцінстве. З архіву Браніславы Арцішэўскай (Варшава)

Марыя Радзевіч у дзяцінстве. З архіву Браніславы Арцішэўскай (Варшава)

Менавіта цётка была першым настаўнікам Марыі па жыцці. Расповяды Караліны Скірмунт пра славутае мінулае Вялікага Княства Літоўскага і яго герояў знаходзілі глыбокі водгук у сэрцы дзяўчынкі, якая ўвесь час сумавала па сваіх бацьках-катаржанах у невялікім цёткавым зрубе ў Кожаневе. Адно з першых уражанняў гэтай пары адбілася назаўжды ў памяці будучай пісьменніцы: выгляд маленькага пакою з абразам Маці Божай, каля якога стаяў партрэт Рамуальда Траўгута з запаленай знічкай…
Далейшыя годы вучобы ў пансіёне і працы над сабою сфарміравалі крэда Марыі Радзевіч: ёсць дзве сілы — Бацькаўшчына і Бог, якім трэба аддаць усё, не патрабуючы за гэта анічога.
Вось чаму творчасць пісьменніцы прасякнутая патрыятызмам.
Вось чаму з пачаткам Першай сусветнай вайны на сабраныя ахвяраванні Марыя Радзевіч арганізавала ў Варшаве шпіталь для раненых і працавала там.
Вось чаму ў гэты час яна прытуліла ў сваімі Грушаўскім маёнтку 30 бяздомных дзяцей — ахвяраў вайны
Вось чаму пад час Варшаўскай бітвы 1920 году яна ўклалася ў «цуд на Вісле» — працавала ў кіраўніцтве Польскага Чырвонага Крыжа, а таксама была камендантам жаночага Добраахвотніцкага атраду з Львову, што бараніў сталіцу Польшчы ад Чырвонай арміі…
Вось чаму ў 1933 годзе — напярэдадні 70-годдзя нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага самаўладдзя Марыя Радзевіч ініцыявала ўзвяденне ў цэнтры суседняга мястэчка Гарадзец дубовага крыжа ў гонар змагароў за волю і незалежнасць краю 1863-64 гадоў…

Грушава


Для Марыі Радзевіч Грушава было зямным раем сярод пушчаў і балотаў Палесся. Яна добра ведала і шанавала традыцыйную культуру тутэйшых жыхароў, размаўляла з імі на мясцовай гаворцы, збірала помнікі этнаграфіі, у тым ліку ўзоры святочнага жаночага Кобрынскага строю, што, часам, апранала, таленавіта апела прыгажосць прыроды свайго краю і духоўнага свету палешукоў. Нездарма яе аповесць «Лета лясных людзей», што ўпершыню пабачыла свет у 1920 годзе, да гэтай пары з’яўляецца навучальным дапаможнікам для вучняў сёмага класу польскіх школ.


Тым, хто робіць закіды пра антысемітызм пісьменніцы, нагадаю, што яна аднаўляла габрэйскія школы ў Антопалі. Увогуле, гэтая інтэлігентная жанчына, якая зведала нястачы, здзекі і пакуты, з вялікай павагай ставілася да людзей працы незалежна ад іх сацыяльнага стану, этнічнага паходжання і веравызнання.

Легендарны дуб “Дэвайціс” (з літоўскага “Боскі”) — герой аднайменнага твору Марыі Радзевіч, які пасля выхаду ў свет у 1889 годзе быў перакладзены на 9 еўрапейскіх моваў
Бескарыслівая гаспадыня Грушава ветліва сустракала шматлікіх турыстаў, што ў міжваенны час наязжалі ў Грушава, заўжды частавала іх свежым хлебам і малаком, добра абыходзілася з тутэйшымі і шчыра дапамагала ім у цяжкую хвіліну.  

Каля дубу — мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніцы. Усталяваная ў 1994 годзе высілкамі Таварыства аматараў Валыні і Палесся ў Варшаве

Каля дубу — мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніцы. Усталяваная ў 1994 годзе высілкамі Таварыства аматараў Валыні і Палесся ў Варшаве

Нездарма на 50-годдзе валодання Грушавым у 1937 годе мясцовыя сяляне падаравалі Марыі Радзевіч альбом з такім прысвячэннем: «Справядлівай Пані і Маці за 50 гадоў сумеснай працы», за ўласныя сродкі прыдбалі званы для капліцы гаспадыні і задарма падвезлі цагліны да касцёлу, што сваім коштам будавала ў Антопалі вядомая пісьменніца.

Сярод дубоў, ліпаў, таполяў, клёнаў, грабаў і дрэваў іншых лісцевых пародаў расце незвычайны для Беларусі від лапуху, які тутэйшыя жыхары называюць каралеўскім

Сярод дубоў, ліпаў, таполяў, клёнаў, грабаў і дрэваў іншых лісцевых пародаў расце незвычайны для Беларусі від лапуху, які тутэйшыя жыхары называюць каралеўскім

Трагічныя часы для Грушава пачаліся 22 верасня 1939-га, калі ў вёску прыйшлі Саветы. Узорны і дагледжаны маёнтак быў разрабаваны і апаганены, загінулі ўсе ягоныя каштоўнасці і калекцыі, у тым ліку і бібліятэка. А пад час акупацыі краю нацыстамі савецкія партызаны спалілі і сядзібны дом Марыі Радзевіч…


Спадчына — наш галоўны скарб


Усе, хто наведвае нашу Беларусь, адзначаюць неверагодную прыгажосць краю і людзей. Вось чаму мяне не здзівілі словы аднага з аўстралійскіх нашчадкаў нашага выбітнага земляка Ігната Дамейкі, які звярнуў увагу на фенаменальныя краявіды Беларусі, вельмі цікавыя колеры зямлі, унікальны водар свежага, смачнага і прахалоднага паветра. А калі да гэтага дадаць надзвычай багатую гісторыю Бацькаўшчыны і веліч постацяў яе славутых людзей, атрымаем галоўны і невычэрпны скарб краю — нашу прыродную і культурна-гістарычную спадчыну.


Выказваю шчыру падзяку старшыні Гарадзецкага сельвыканкаму Зміцеру Міроненку і дырэктару Грушаўскага рамонтна-механічнага заводу Пятру Папроцкаму, якія пазнаёмілі нас з сядзібай Марыі Радзевіч і стала апякуюцца ёю.  

З старасвецкім паркам нас знаёміў старшыня Гарадецкага сельвыканкаму Зміцер Міроненка

З старасвецкім паркам нас знаёміў старшыня Гарадецкага сельвыканкаму Зміцер Міроненка

Дарэчы, на пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі сённяшняга Кобрынскага раёну існавалі 194 дагледжаныя шляхецкія сядзібы, што з’яўляліся цэнтрамі культурнага жыцця. На жаль, на сёння з іх засталіся толькі 26, прычым у напоўразбураным стане.

kz_hruszava_24_logo.jpg


Сярод іх і маёнтак Марыі Радзевіч у Грушаве з 600-гадовым дубом-прыгажуном «Дэвайцісам», што патрабуе чыннай увагі грамадства, як і літаратурная спадчына пісьменніцы, што чакае перакладу на беларускую мову.
     

kz_hruszava_25_logo.jpg

Да новых сустрэчаў, Грушава! На памяць — жалуды ў падарунак ад магутнага “Дэвайціса”, пад якім за сталом любіла бавіць час Марыя Радзевіч
  
Фота аўтара, а таксама з сайтаў ikobrin.ru і Radzima.org