Апытанне: 74% расіян падтрымліваюць вайну ва Украіне, а 78% — ухваляюць дзеянні Пуціна

А цэлых 90% думаюць, што з РФ вядзецца барацьба на інфармацыйным фронце.

71eabc6ae592872f8f16ed33a16891dda69915b2.jpg

Сярод расійцаў 74% падтрымліваюць правядзенне так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ва Украіне. Яшчэ 78% ухваляюць дзеянні Уладзіміра Пуціна, а 89% рэспандэнтаў давяраюць сваёй арміі.
Данымі апытання падзяліўся Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі (УЦВГД) на сваім афіцыйным сайце.
Жыхары РФ таксама лічаць, што супраць іх краіны вядзецца інфармацыйная вайна. Такой думкі прытрымліваюцца адразу 90% рэспандэнтаў.
Станоўчыя водгукі пра падтрымку вайны ва Украіне ад навакольных чулі 62% апытаных грамадзян Расіі. Больш за палову рэспандэнтаў паведамілі, што праглядалі матэрыялы, якія дэманструюць адмоўныя дзеянні салдат РФ ва Украіне. Аднак 41% жыхароў лічаць гэтыя даныя «хутчэй за ілжывымі», а 39% і зусім не бачылі нічога падобнага.
З апублікаванай статыстыкі становіцца зразумела, што дзеянні Пуціна, вайну ва Украіне і войска РФ не падтрымлівае вельмі невялікі адсотак насельніцтва краіны. Гэта 13%, 17% і 8% адпаведна.
Нагадаем, месяц таму УЦДГМ апублікаваў падобныя даныя. Тады 71% рэспандэнтаў падтрымлівалі вайну ва Украіне. Мяркуючы па абноўленых паказчыках, колькасць толькі расце, нягледзячы на ​​неабвержныя доказы зверстваў салдат РФ у Бучы і іншых населеных пунктах.