Джо Байдэн заявіў, што ЗША ліквідавалі ў Сірыі кіраўніка Ісламскай дзяржавы
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ў спецаперацыі амерыканскіх сіл на паўночным захадзе Сірыі раніцай 3 лютага ліквідавалі топ-кіраўніка тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» Абу Ібрагіма аль-Гашэмі аль-Курашы.
Як піша «Еўрапейская праўда», пра гэта паведамляе
«Associated Press».
«Дзякуючы ўменням і адвазе нашых вайскоўцаў мы прыбралі
з поля бою Абу Ібрагіма аль-Гашэмі аль-Курашы», — гаворыцца ў заяве
прэзідэнта.
Паводле яго слоў, ніхто з залучаных ў аперацыю амерыканскіх вайскоўцаў не пацярпеў.
Джо Байдэн сказаў, што аддаў загад аб атацы для «абароны амерыканскага народа і нашых саюзнікаў, і каб зрабіць свет больш
бяспечным». Прэзідэнт плануе пазней выступіць з асобным зваротам.
З Сірыі паступалі паведамленні ад арганізацыі «Syrian Civil
Defense», вядомай таксама як «Белыя шлемы», што ў выніку гэтай атакі
загінулі 13 чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей і чатыры жанчыны. Арганізацыя
«Syrian Observatory for Human Rights» паведаміла пра 13 загінулых, у тым ліку
чатырох дзяцей і дзвюх жанчын.
Відавочцы распавялі, што ў мястэчку Атме, дзе разгортваліся
падзеі, больш за дзве гадзіны працягвалася перастрэлка амерыканскіх вайскоўцаў
з узброенымі людзьмі вакол двухпавярховага дома, а ў небе лёталі верталёты.
Амерыканскія сілы ў гучнагаварыцелі заклікалі жанчын і дзяцей пакінуць зону.
Верхні паверх дома цалкам разбураны.
Гэта найбуйнейшая спецаперацыя ў правінцыі Ідліб з 2019
года, калі амерыканскія ваенныя ліквідавалі іншага лідара ІДІЛ Абу Бакр
аль-Багдадзі.
Тэрыторыя правінцыі Ідліб у значнай ступені кантралюецца
сіламі, якія падтрымліваюцца Турцыяй, але, у той жа час, там ёсць ячэйкі Аль-Каіды і
знаходзяцца іншыя баевікі, у тым ліку з канкуруючых з ІДІЛ груп.
Апошнім часам ІДІЛ нарасціла актыўнасць, спрабуючы ўзмацніць свой уплыў. У мінулым месяцы арганізацыя правяла самую маштабную ваенную аперацыю з 2019 года, атакаваўшы турму з каля 3000 зняволенымі баевікамі. Узначаленым курдамі сілам, якія падтрымліваюцца ЗША, спатрэбілася 10 дзён для аднаўлення кантролю над сітуацыяй.