Экс-прэзідэнта Кыргызстана, якога прытуліла Беларусь, завочна прысудзілі яшчэ да 10 гадоў пазбаўлення волі
Суд Першамайскага раёна Бішкека скончыў разгляд справы аб карупцыйнай схеме на злотым радовішчы Кумтор, у выніку якой Кыргызстану быў нанесены ўрон на суму каля $ 12 мільёнаў. Суд прызнаў экс-прэзідэнта краіны Курманбека Бакіева вінаватым у карупцыі і прысудзіў яго да 10 гадоў пазбаўлення волі завочна, піша «Зеркало» са спасылкай на haqqin.az.

Курманбек Бакіеў
Гэта не першы прысуд у дачыненні да Бакіева. 12 лютага 2013 года на радзіме яго прызналі вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і завочна прысудзілі да 24 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
5 красавіка 2014 года Курманбек Бакіеў быў завочна прысуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю замаху на жыццё брытанскага бізнесоўца Шона Дэйлі.
Бакіева зрынулі ў выніку перавароту ў красавіку 2010 года. Ён уцёк з краіны ў Беларусь і знаходзіцца ў міжнародным вышуку. На ўсе запыты Кыргызстана аб экстрадыцыі Бакіева афіцыйны Мінск адказваў адмовай.

Экс-прэзідэнт Кыргызстана атрымаў беларускае грамадзянства, як і яго дзеці і жонка Назгуль Таламушава, якая памерла сёлета ў студзені. У СМІ яе называлі неафіцыйнай жонкай Бакіева. Дакладна невядома, ці распісваліся Бакіеў і Таламушава. У 2011 годзе ў інтэрв'ю газеце «Аят-прэс» яна прызналася, што жыве з Бакіевым з 1995 года. У 2016-2017 гадах Назгуль займала пасаду дырэктара гатэля «Менск», які належыць Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, пісала выданне Akipress.kg.

У Беларусі ў Бакіева свой бізнес. Ён звязаны з беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй (БНБК). Таксама за час знаходжання ў нашай краіне Бакіеў паспеў выпусціць кнігу.