Германія. Танныя квіткі выратуюць клімат?
Так, прынамсі, сцвярджаюць у нямецкай партыі «Левыя».
Сустаршыня партыі «Левыя» Каця Кіпінг заклікала ўрад Ангелы Меркель не губляць час на распрацоўку праграмы падтрымкі вытворчасці электрамабіляў, якія павінны дапамагчы клімату. На думку палітыка, памеры выкідаў парніковых газаў у Германіі можна скараціць значна прасцей: за кошт раздачы немцам карткі «Bahncard 50».
«Bahncard 50» — адзін з відаў паслуг, які прапануе кампанія Deutsche Bahn (DB) — нямецкі аналаг «Беларускай чыгункі». Уладальнік «Bahncard 50» можа карыстацца любымі цягнікамі DB, аплачваючы палову кошту праезду.
Сёння такая картка каштуе 250 еўра на год, і дазволіць сабе яе могуць не ўсе. У выпадку, калі тыя карткі будуць раздавацца проста так, людзі пачнуць часцей карыстацца цягнікамі, дапамагаючы клімату.
Праект Кіпінг дастаткова рэвалюцыйны і патрабуе тэхнічнага аналізу. Аднак нельга не пагадзіцца з яе тэзісам, што дзяржаўныя субвенцыі аўтаіндустрыі для пераходу на вытворчасць электрамабіляў не вырашаюць праблему. Паводле разлікаў спецыялістаў, у сярэднім электрамабіль у ФРГ будзе каштаваць каля 30 тысяч еўра, што можа дазволіць сабе далёка не кожны.
Паводле нямецкай прэсы