Як савецкі афіцэр адмяніў ядзерную вайну
Сёння спаўняецца 34-я гадавіна з моманту, калі з-за збою электронікі ледзь не выбухнулі ядзерныя ракеты.
Ноччу з 25 на 26 верасня 1983 года падпалкоўнік Станіслаў Пятроў дзяжурыў на стратэгічным камандным пункце ў 100 км ад Масквы, калі кампутар паведаміў пра пуск пяці балістычных ракет з амерыканскай базы.
Замест таго, каб адразу ж запусціць працэдуру ўдару ў адказ, падпалкоўнік Пятроў прааналізаваў абстаноўку і прыйшоў да высновы, што інфармацыя пра старт амерыканскіх ракет з’яўляецца вынікам збояў сістэмы, пра што і паведаміў начальству. Хутка аказалася, што савецкі афіцэр меў рацыю.
Інфармацыя пра геройскі ўчынак Станіслава Пятрова стала вядомай толькі ў 1991 годзе на хвалі галоснасці. На Захадзе яго назвалі “чалавекам, які выратаваў свет”.
Сам жа Пятроў не раз казаў журналістам, што не адчувае сябе героем, бо проста выконваў свае абавязкі.
У 1984 годзе ён быў звольнены ў запас і да канца сваіх дзён жыў сціпла ў Падмаскоўі. Станіслаў Пятроў — лаўрэат шматлікіх прэмій і ўзнагарод за свой учынак, у тым ліку ўзнагароды ААН.
Станіслаў Пятроў памёр 19 мая 2017 году ва ўзросце 77 гадоў.