Музейныя экспанаты. З-за санкцый Захаду Расія падыме ў неба састарэлыя савецкія самалёты

Праз санкцыі ЕС і ЗША ў Расіі наважыліся вярнуць у неба старыя неэканамічныя савецкія пасажырскія самалёты Іл-86.

177803.jpg


Тры такіх састарэлых лайнера дабудуюць для прыватнай расійскай авіякампаніі S7 Airlines («Сібір»), заявіў міністр транспарту Расіі Віталь Савельеў. Згодна з яго рашэннем, для авіяперавозчыка дабудуюць яшчэ два грузавыя самалёты Іл-96, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Avianews.com

Сама кампанія S7 Airlines гэтую заяву пакуль не пракаментавала. Там адмовіліся ад эксплуатацыі ўсіх савецкіх самалётаў яшчэ ў 2008 годзе і цалкам перайшлі на авіялайнеры заходняй вытворчасці Airbus, Boeing і Embraer.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі і вайны супраць Украіны Еўрапейскі Саюз і ЗША ўвялі ў дачыненні да краіны-агрэсара санкцыі. Праз гэта расійскім кампаніям цяпер забаронена пастаўляць запчасткі для самалётаў замежнай вытворчасці. Таксама была накладзеная забарона на доступ да іх тэхнічнай дакументацыі.

«Таксама еўрапейскія лізінгавыя кампаніі адклікалі свае самалёты з Расіі. S7 Airlines павінна вярнуць такія авіялайнеры ўладальнікам да канца сакавіка. Калі авіякампанія так паступіць, то застанецца без большасці самалётаў.

Паветраныя судны заходняй вытворчасці ў яе парку спыняцца ў бліжэйшыя месяцы з-за адсутнасці запчастак. Гэтага не адбудзецца, калі авіякампанія наладзіць нелегальную пастаўку кантрафактных дэталяў», — піша Avianews.

Акрамя таго, для пасажырскіх самалётаў РФ закрыта неба ЕС і шэрагу іншых краін.


Іл-86: састарэлыя самалёты з СССР

Іл-86, якія Мінтранс Расіі прапанаваў для замены заходніх самалётаў, выпускаліся да 1997 года. На гэты момант у свеце не засталося ніводнага лётнага ўзору гэтага авіялайнера. Апошні палёт з пасажырамі ён здзейсніў яшчэ ў студзені 2011 года.

«Верагодна, некалькі недабудаваных самалётаў засталіся на заводзе ў Варонежы, дзе збіралі Іл-86. Гэта азначае, што гэтым авіялайнерам споўнілася ўжо 25 гадоў. Адзін борт стаіць у базавым аэрапорце S7 Airlines у Новасібірску ў якасці музейнага экспаната. Авіякампанія можа вярнуць яго з пастамента для перавозак пасажыраў» — мяркуюць у выданні.

Іл-86 пачалі распрацоўваць у СССР у 1970-х гадах для перавозкі 350 пасажыраў на адлегласць 4-5 тысяч кіламетраў. Яго абсталёўвалі чатырма рухавікамі. З-за неэканамічнасці яго прыбралі спачатку з рэгулярных рэйсаў, а потым і з чартарных.