На дом Нэнсі Пэлосі здзейснены напад, яе муж трапіў у бальніцу
На мужа спікера Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі напалі ў іх доме ў Сан-Францыска. Ён цяпер у шпіталі.
Раніцай 28 кастрычніка невядомы чалавек уварваўся ў дом Пэлосі ў Сан-Францыска. Пол Пэлосі — муж спікера Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі — зведаў «жорсткі напад». Пра гэта паведаміла прэс-служба спікера ЗША. Пола Пэлосі даставілі ў бальніцу. Чакаецца, што ён здолее цалкам паправіцца.
Падазраваны быў затрыманы, цяпер яго трымаюць пад вартай, матывы яго ўчынку высвятляе паліцыя.
Самой Нэнсі Пэлосі ў момант нападу дома не было.
82-гадовы Пол Пэлосі валодае ў Сан-Францыска фірмай, якая займаецца нерухомасцю і інвестыцыямі.
Нагадаем, раней Пэлосі заявіла, што ЗША асуджаюць дзеянні Расіі і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. У Вашынгтоне ўпэўненыя, што Крэмль абавязкова прайграе ў вайне, развязанай супраць Украіны, і абяцаюць падтрымліваць украінцаў да перамогі.
У траўні 2022 года Пол Пэлосі трапіў у ДТЗ. У яго крыві быў знойдзены алкаголь. У жніўні яго асудзілі да пяці дзён турмы за кіраванне ў нецвярозым стане, але адбываць пакаранне яму не давялося.
Паводле meduza.io, ВВС