«Нашы сілы бяспекі не навучаныя, як размаўляць з жанчынамі». Талібы патлумачылі забарону жанчынам выходзіць з дому
Прадстаўнік ісламістаў заявіў, што афганскія жанчыны, якія працуюць, зараз павінны заставацца дома, аднак у будучыні яны змогуць прыступіць да сваіх абавязкаў, паведамляюць naviny.online са спасылкай на «Бі-бі-сі».

Афганскія жанчыны / Фота «Радыё Свабода»
Так, прадстаўнік «Талібана» Забіхула Муджахід падкрэсліў, што любыя абмежаванні адносна становішча афганскіх жанчын будуць кароткачасовымі.
«Нашы сілы бяспекі не навучаныя, як паводзіць сябе з жанчынамі, як размаўляць з жанчынамі. Пакуль мы не забяспечым поўную бяспеку... просім жанчын заставацца дома», — дадаў ён.
На першай прэс-канферэнцыі пасля захопу ўлады прадстаўнік «Талібана» заявіў, што жанчынам дазволяць працаваць, вучыцца і ўдзельнічаць у жыцці грамадства «ў рамках ісламскага закону». Аднак з першых дзён захопу ўлады талібамі ў гарады пачалі вяртацца старыя парадкі. У некаторых правінцыях жанчынам загадалі не выходзіць з дому без суправаджэння сваякоў-мужчын.
У Гераце на захадзе Афганістана баевікі «Талібана» не дазвалялі студэнткам і выкладчыцам увайсці ва ўніверсітэт. У паўднёвым горадзе Кандагар закрылі жаночыя паліклінікі.