Апазіцыя атрымала большасць на выбарах у 10 раёнах Масквы
Паводле папярэдніх вынікаў муніцыпальных выбараў у Маскве, у шэрагу акругаў лідарства мае апазіцыя. У рэгіёнах Расіі перамогаў апазіцыі пакуль не зафіксавана.
Ілля Яшын, архіўнае фота www.svaboda.orgМясцовыя выбары прайшлі 10 верасня больш як у 80 рэгіёнах Расіі, яўку ацэньваюць у 14–15%, перадае «Інтэрфакс». У 16 рэгіёнах выбіралі губернатараў. Паводле «Інтэрфаксу», на ўсіх губернатарскіх выбарах яўка была 30–50%, перамагаюць кандыдаты партыі ўлады «Единая Россия».
Амаль 200 апазіцыянераў, паводле папярэдніх вынікаў, сталі муніцыпальнымі дэпутатамі ў Маскве, піша «Новая газета». Паводле звестак Meduza, апазіцыя атрымала бальшыню ў прынамсі 10 раёнах Масквы. Усяго на 125 раёнаў Масквы прыпалі 1036 кандыдатаў ад «аб’яднаных дэмакратаў», да якіх залічваюць як «несістэмную» апазіцыю, так і камуністаў і чальцоў «Справедливой России». «Новая газета» называе такія вынікі «маленькай муніцыпальнай рэвалюцыяй».
У Краснасельскім раёне Масквы, верагодна, перамог рух «Солидарность» на чале з апазіцыянерам Іллём Яшыным. Паводле яго, «Солидарность» узяла 7 мандатаў з 10, «Единая Россия» – 3. У Хамоўніках, дзе дэпутатам мае стаць у тым ліку карэспандэнт «Новой газеты» Ілля Азар, не прайшоў ніводзін кандыдат партыі ўлады. У Басманнай акрузе апазіцыя атрымала, верагодна, тры мандаты з чатырох, у тым ліку пра перамогу гаворыць 21-гадовая апазіцыянерка Люся Штэйн. Кандыдаты ад апазіцыі — пераважна ад партыі «Яблоко» — перамагаюць у Цвярскім, Гагарынскім, Акадэмічным раёнах Масквы і ў Якіманцы.