«Непарушнае братэрства» развальваецца? Кыргызстан не будзе ўдзельнічаць у вучэннях АДКБ

Кыргызстан прыняў рашэнне адмяніць вучэнні АДКБ на сваёй тэрыторыі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны, піша «Радыё Азатык».

kyrgyzstan_2697388_1280.jpg


Адзначаецца, што камандна-штабныя вучэнні з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае братэрства-2022» павінны былі прайсці на тэрыторыі КР у кастрычніку.


14-17 верасня паміж вайскоўцамі Кыргызстана і Таджыкістана адбылося маштабнае сутыкненне. У выніку канфлікту загінулі 63 грамадзяніна Кыргызстана, амаль 200 атрымалі раненні. Больш за 140 тысяч жыхароў памежных з Таджыкістанам вёсак былі вымушаныя пакінуць свае дамы. 18 верасня МЗС Кыргызстана ў сваёй заяве абвінаваціла Таджыкістан ва ўзброеным акце агрэсіі. Такія ж абвінавачанні гучаць з боку Таджыкістана ў адрас Кыргызстана.


Міністэрства замежных спраў Таджыкістана паведаміла аб 41 ахвяры прыгранічнага канфлікту. «Радыё Азодзі», абапіраючыся на даныя ўласных крыніц, апублікавала спіс 74 загінулых таджыкістанцаў і напісала пра пацярпелых у таджыкскіх прыгранічных вёсках, крамах і дамах. Пацвердзіць даныя аб ахвярах і пацярпелых з таджыкскага боку з іншых незалежных крыніц не ўяўляецца магчымым.


Пасля гэтага ўлады Кыргызстана заклікалі АДКБ праявіць актыўны ўдзел ва ўрэгуляванні напружанай сітуацыі на мяжы краіны з Таджыкістанам. Таксама Кыргызстан заклікаў АДКБ да змены статутных дакументаў для недапушчэння ўзброеных уварванняў і вырашэння ўсіх рознагалоссяў паміж дзяржавамі мірнымі сродкамі.


У Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.