Неўраджайны год. Знік «Макдоналдс» — знікла і бульба-фры

Частка расійскіх рэстаранаў сеткі «Вкусно и точка», што прыйшла замест «Макдоналдса»,  прыбрала з меню бульбу-фры. Гэта патлумачылі «неўраджайным годам».

0ff60000_0aff_0242_e9a7_08da4ca43e33_w1023_r1_s.webp

У некаторых рэстаранах сеткі «Вкусно и точка», які замяніў у Расіі «Макдоналдс», не будзе бульбы-фры, паведамілі ў прэс-службе кампаніі. Частка ўстаноў сеткі хуткага харчавання таксама прыбярэ з меню бульбу па-вясковаму.

«Гэта звязана з тым, што 2021 год у Расіі стаў неўраджайным для гатункаў бульбы, які выкарыстоўваецца для вытворчасці бульбы-фры ў прадпрыемствах сеткі. На працягу апошніх васьмі гадоў кампанія арыентавалася на расійскіх пастаўшчыкоў і закупляла прадукты ў іх. Акрамя таго, стаў немагчымы імпарт з рынкаў, якія маглі б стаць часовымі пастаўшчыкамі бульбы для прадпрыемстваў у Расіі», — заявілі прадстаўнікі сеткі

У сетцы хуткага харчавання абяцаюць, што стравы з бульбы вернуцца ва ўсе рэстараны сеткі восенню, калі збяруць новы ўраджай. З недахопам бульбы, відаць, сутыкнуцца і іншыя ўдзельнікі рынку.

У траўні рэстараны сеткі «Макдоналдс», што вырашыла сысці з расійскага рынку праз вайну ва Украіне, набыў бізнесовец Аляксандр Гоман, чыя кампанія кіравала 25 установамі гэтай сеткі хуткага харчавання ў Сібіры.

Новая сетка атрымала назву «Вкусно и точка», першыя яе рэстараны адкрыліся на месцы «Макдоналдсаў» 12 чэрвеня. Па ўмовах здзелкі, новыя ўладальнікі не могуць выкарыстоўваць брэнд «Макдоналдс» і назвы самых папулярных страў, напрыклад «Біг Мак». «Вкусно и точка» абяцала, што паспрабуе захаваць меню «Макдоналдса».

Паводле "Медузы"