Пераможца «Еўрабачання» гурт Kalush Orchestra прадаў «крыштальны мікрафон», каб набыць дроны для ЗСУ
Украінскі гурт Kalush Orchestra, які перамог на песенным конкурсе «Еўрабачанне» гэтага года, прадаў свой трафей за 900 тыс. долараў, каб сабраць грошы для ўкраінскай арміі, што абараняе краіну ад расійскіх войскаў.
Крыштальны мікрафон, які музыкантам уручылі на сцэне конкурсу ў Турыне, быў прададзены з аўкцыёну ў «Фэйсбуку». Гэты аўкцыён адбыўся адначасова з выступам Kalush Orchestra на дабрачынным канцэрце ля Брандэнбургскай брамы ў Берліне, на якім збіралі грошы на медыцынскія прэпараты і іншыя прадметы першай неабходнасці для патрэб пацярпелых ад вайны ва Украіне.
Падчас канцэрта лідар гурта Алег Псюк заклікаў людзей памятаць пра вайну. «Я думаю, што гэта павінна быць на першых палосах да таго часу, пакуль не наступіць мір», — сказаў саліст.
Па словах арганізатара аўкцыёну, украінскага тэлевядучага Сяргея Прытулы, крыштальны мікрафон быў набыты біржай па продажы крыптавалюты WhiteBIT. Акрамя таго, на аўкцыёне была прададзена ружовая панама, у якой Алег Псюк выступаў на «Еўрабачанні». За яе заплацяць 11000000 грыўняў (каля 370 тыс. долараў).
Як паведаміў Прытула, грошы, атрыманыя ад продажу трафея і галаўнога ўбору, пойдуць на набыццё для ўзброеных сіл Украіны беспілотнікаў PD-2 украінскай вытворчасці.