Пратэсты ў Казахстане не сціхаюць. У двух гарадах людзі начавалі на плошчах

У гарадах Жанаоаен і Актау на захадзе Казахстана сотні ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць рэзкага росту кошту паліва правялі ноч на аўторак на цэнтральных плошчах.

4b8b18b_kazahstan_protest__radio_svoboda_.jpg

У Актау пратэстоўцы ўсталявалі намёты і юрту. У горад прыбылі таксама жыхары суседніх рэгіёнаў, уключаючы гарады Актобе і Уральск.

Днём 3 студзеня на плошчы ў Актау, паводле ацэнак відавочцаў, было некалькі тысяч чалавек. Да іх прыбыў Акім (кіраўнік) рэгіёну, аднак не змог пераканаць іх разысціся.

Пратэстоўцы заклікалі да адстаўкі дзеючага ўрада. Патрабаванні знізіць кошт звадкаванага газу пашырыліся: удзельнікі акцыі патрабавалі таксама выкаранення карупцыі і кумаўства, будаўніцтва новых фабрык і заводаў, скарачэння беспрацоўя.

На апублікаваных у сацыяльных сетках відэа чуваць, як сотні людзей на плошчы ў Актау скандуюць «Шал, кет!» (па-казахскі — «Стары, сыходзь!»).

Гэты лозунг гучыць на многіх акцыях, удзельнікі якіх выступаюць з патрабаваннем да былога прэзідэнта Нурсултана Назарбаева сысці з палітыкі.

Па словах актывістаў, на плошчы ў Актау ў радыусе парадку двух кіламетраў быў недаступны мабільны інтэрнэт. У сацыяльных сетках раней распаўсюдзілася інфармацыя, што ў Актау было накіравана два самалёты з вайскоўцамі з суседніх рэгіёнаў.

Прэзідэнт Казахстана Касім-Жамарт Такаеў напярэдадні размясціў твіт, што ў Актау пачала працу ўрадавая камісія, і дэманстранты «павінны праявіць адказнасць і гатоўнасць да дыялогу».

Пратэсты пачаліся некалькі дзён таму ў горадзе нафтавікоў Жанаазене пасля рэзкага павышэння кошту звадкаванага газу, якім у рэгіёне запраўляюць большасць аўтамабіляў.

Раніцай 4 студзеня на плошчы ў Жанаазене, па словах мясцовых актывістаў, было каля 2 тысяч пратэстоўцаў. Людзі ўначы па чарзе выступалі на мітынгу, падчас якога казалі, што «несправядліва, што людзі вымушаныя патрабаваць даступнасці газу ў багатай вуглевадародамі краіне».

Удзельнікі акцый пратэсту ў Актау і Жанаазене былі падтрыманы ў іншых гарадах Казахстана.

f032b4b_aktobe.jpg

Каля 20 чалавек былі затрыманыя ў Алматы. У Астане затрыманыя трое ўдзельнікаў пратэсту, больш за 10 чалавек — у Шымкенце.

Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Актобе, Уральску і некалькіх іншых гарадах.

Паводле «Украінскай праўды».