Süddeutsche Zeitung: Былыя акцыянеры ЮКАСа патрабуюць арыштаваць замежную маёмасць Расіі
Расіі ўсё ж давядзецца выплаціць 50 мільярдаў долараў кампенсацыі ў справе ліквідаванага канцэрну ЮКАС, актывы якога былі захопленыя і прададзеныя расійскімі ўладамі ў 2003-2006 гадах.
Былыя акцыянеры нафтавага канцэрна ЮКАС, якім Расія, згодна з рашэннем суда, абавязаная выплаціць 50 млрд долараў, папрасілі арыштаваць замежную маёмасць Расіі, паведамляе нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.
“Мы запыталі выканання прысуду ў Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША”, — заявіў выданню кіраўнік кансорцыума GML Цім Осбарн. Акрамя гэтага, па словах адваката, былыя акцыянеры ўжо нагледзелі аб’екты ў Нідэрландах і Бельгіі. Таксама да пачатку лета GML запытае выканання прысуду ў Зямельным судзе Берліна, дадаў Осбарн.
Летась Міжнародны арбітражны суд у Гаазе вынес рашэнне на карысць былых акцыянераў нафтавай кампаніі ЮКАС — Уладзіміра Дубава і Леаніда Неўзліна — і прысудзіў ім кампенсацыю за захоп і продаж актываў кампаніі ў памеры 50 мільярдаў долараў.
Нежаданне добраахвотна плаціць кампенсацыю, паводле Süddeutsche Zeitung, будзе каштаваць Расіі нашмат даражэй за $50 мільярдаў. Тэрмін, адведзены на пагашэнне кампенсацыі, скончыўся 15 студзеня 2015 года, і цяпер на ўсю суму налічваюцца працэнты.
Нямецкая газета не называе канкрэтна, актывы якіх расійскіх дзяржаўных кампаній на Захадзе могуць быць канфіскаваныя, але паведамляе, што выканаўцы судовага рашэння ўжо ідэнтыфікавалі такія актывы ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Нямеччыне, Бельгіі і Нідэрландах.
У карысць акцыянераў могуць канфіскаваць любыя актывы і нерухомасць, за выключэннем пасольстваў, удакладняе газета.