СБУ завяла справу на расійскага акцёра Івана Ахлабысціна

 Служба бяспекі Украіны распачала крымінальную справу ў дачыненні да расійскага акцёра Івана Ахлабысціна, паведаміла прадстаўнік ведамства Алена Гітлянская. Ахлабысціна падазраюць у стварэнні тэрарыстычнай групы.

download_7.jpg

kp.by
«Пасля публічнай падтрымкі Ахлабысціным ідэй «рускага свету», радаснага вітання «рускай вясны» ва Украіне, а таксама выказванняў у падтрымку дзейнасці тэрарыстычнай структуры «ДНР», агрэсіі супраць Украіны з боку РФ і анэксіі АР Крым, Галоўнае следчае ўпраўленне СБУ распачала крымінальную справу па факце здзяйснення Ахлабысціным І.І. злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 258-3 (стварэнне тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі) Крымінальнага кодэкса Украіны», — напісала Гітлянская ў сваім фэйсбуку.

Па гэтыму артыкуле акцёру пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Гітлянская нагадала, што Іван Ахлабысцін толькі што атрымаў пашпарт грамадзяніна самаабвешчанай ДНР і паабяцаў апалчэнцам  «дапамогу прапагандысцкага характару, шляхам рэалізацыі адпаведных кінапраектаў».
Ахлабысцін і яго прадстаўнікі пакуль не каментавалі ўзбуджэнне крымінальнай справы.
У 2014 годзе Івану Ахлабысціну быў забаронены ўезд ва Украіну, а 30 лістапада 2016 года ў цэнтры Данецка кіраўнік самаабвешчанага ўтварэння Аляксандр Захарчанка ўручыў Ахлабысціну «пашпарт грамадзяніна ДНР».
«Маё жаданне прыняць грамадзянства ДНР звязана з душэўнай неабходнасцю падтрымаць барацьбу рускіх людзей у Новаросіі за іх натуральнае права жыць на сваёй зямлі, размаўляць на роднай мове і выхоўваць сваіх дзяцей у адпаведнасці з традыцыямі продкаў, а не па ўказцы «спадароў англосаксаў», якія сваей традыцыі здрадзілі ва ўгоду сатанінскаму культу нажывы і садаміцкім забавам», — пракаментаваў Ахлабысцін атрыманне дакумента.
Паводле BBC