Страляніна ў штаце Мэн: нападнік уцёк, больш за 20 загінулых
У штаце Мэн злачынец адкрыў агонь па наведвальніках бара і боўлінга. Забіты як мінімум 22 чалавекі, не менш за 50 параненых.
22 чалавекі загінулі і больш за 50 пацярпелі ў выніку страляніны ў горадзе Льюістан у амерыканскім штаце Мэн. Паводле звестак паліцыі, нападнік пакуль не злоўлены.
Паліцыі ўдалося ўстанавіць асобу падазраванага: паведамляецца, што яго завуць Роберт Кард, яму 40 гадоў. Прынамсі, ён папярэдне апазнаны як гэта асоба. Паліцыя перасцерагае, што злачынец узброены і вельмі небяспечны.
Льюістан — другі па колькасці насельніцтва горад у штаце Мэн. Ён размешчаны за 58 кіламетраў ад найбуйнейшага горада штата — Портленда.
Сябар гарадской рады Льюістана Роберт Макарці паведаміў тэлеканалу CNN, што ўлады пацвердзілі гібель 22 чалавек, а таксама інфармацыю пра «шмат, шмат параненых».
Выклікі ў паліцыю паступілі з двух месцаў — рэстарана «Schemengees» і боўлінг-хола «Sparetime Recreation». Адлегласць паміж імі складае 6,5 кіламетраў — гэта прыкладна 10 хвілін, калі ехаць на машыне.
Злачынец, як мяркуецца, перасоўваецца на невялікім пазадарожніку. Жыхарам Льюістана і прылеглай да яго тэрыторыі паліцыя рэкамендуе не пакідаць свае дамы.
Жыхарам другога па велічыні горада штата Мэн рэкамендавана схавацца ў бяспечных месцах.
Паведамляецца, што пакуль вядуцца пошукі злачынца, у горадзе ўведзены поўны лакдаўн.
Паліцыя распаўсюдзіла фота падазраванага. Паводле інфармацыі паліцэйскіх, інцыдэнты адбыліся «ў розных месцах».
Таксама ёсць шматлікія, але пакуль не пацверджаныя паведамленні, што, прынамсі, 50 чалавек былі паранены.
Цэнтральны медыцынскі цэнтр штата Мэн паведаміў, што рэагуе на «маштабны інцыдэнт са стралянінай з вялікай колькасцю пацярпелых» і ў дадзены момант каардынуе намаганні з іншымі лячэбнымі ўстановамі паблізу.
На сваёй старонцы ў сацсетцы X паліцыя штата Мэн паведаміла: «У Льюістане дзейнічае актыўны стралок. Мы просім жыхароў схавацца ва ўкрыццях. Калі ласка, заставайцеся ўнутры сваіх дамоў і зачыніце дзверы».
Раней офіс акруговага шэрыфа распаўсюдзіў фатаграфіі падазраванага — відаць, кадры сістэмы відэаназірання — з просьбай дапамагчы ва ўстанаўленні яго асобы. На іх бачны ўзброены аўтаматычнай вінтоўкай мужчына з барадой і ў карычневай куртцы ля ўвахода ў забаўляльны цэнтр.
Акрамя таго, паліцыянты апублікавалі фота белай легкавой машыны — і папрасіла звязацца з імі ўсіх, каму яна здаецца знаёмай.
Аб матывах нападніка інфармацыі пакуль няма.
Белы дом паведаміў, што прэзідэнт Джо Байдэн праінфармаваны аб тым, што здарылася, і працягне атрымліваць аператыўную інфармацыю.
Паводле ВВС