Трамп вырашыў адмяніць грамадзянства ЗША для дзяцей замежнікаў, якія нарадзіліся ў краіне
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што плануе адмяніць права для дзяцей замежнікаў на атрыманне амерыканскага грамадзянства на падставе таго, што яны нарадзіліся на тэрыторыі Злучаных Штатаў.

«Мы адзіная краіна ў свеце, куды чалавек прыязджае, нараджае дзіця, і дзіця, па сутнасці, становіцца грамадзянінам ЗША на 85 гадоў з усімі перавагамі ... Гэта недарэчна. Гэта недарэчна, і гэта павінна скончыцца», — заявіў Трамп ў эфіры тэлепраграмы Axios on HBO.
Права на атрыманне грамадзянства па нараджэнні прадастаўляецца 14-й папраўкай да канстытуцыі ЗША. Аднак, па словах Трампа, для адмены гэтага палажэння не трэба ўносіць новых паправак у асноўны закон, а досыць прэзыдэнцкага ўказу.
Трамп таксама дадаў, што ўжо абмеркаваў гэтае пытанне са сваімі дарадцамі. «Гэта ўжо ў працы, гэта адбудзецца», — сказаў ён.
14-я папраўка
14-я папраўка да канстытуцыі была прынятая неўзабаве пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў ЗША 9 ліпеня 1868 года. Яна гучыць так: «Усе асобы, якія нарадзіліся або натуралізаваныя ў Злучаных Штатах і падпарадкаваныя іх юрысдыкцыі, з'яўляюцца грамадзянамі Злучаных Штатаў і штата, у якім яны пражываюць».
Некаторыя юрысты сцвярджаюць, што прадастаўленне грамадзянства па праве нараджэння з'яўляецца следствам няправільнага прачытання папраўкі, якая першапачаткова прымалася ў дачыненні да былых рабоў.
«Канцэпцыя, згодна з якой нараджэнне на геаграфічнай тэрыторыі ЗША аўтаматычна дае права на грамадзянства — абсурд з пункту гледжання гісторыі, канстытуцыі, філасофіі і практыкі», — напісаў у калонцы для Washington Post былы чыноўнік адміністрацыі Трампа Майкл Энтані.
Па праве глебы
Так званае грамадзянства па праве глебы (Jus soli), калі дзіця становіцца грамадзянінам краіны, у якой яно нарадзілася, — даволі распаўсюджаная міжнародная юрыдычная норма. Яна практыкуецца больш чым у 30 краінах, праўда, у гэтым спісе шмат невялікіх дзяржаў.
Таму ЗША з'яўляюцца далёка не адзінай краінай, у якой дзецям прадастаўляецца грамадзянства па праве нараджэння.
Аналагічныя палажэнні дзейнічаюць таксама ў Канадзе, Мексіцы, Бразіліі, Аргенціне і ў шэрагу іншых краін Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі.
Дональд Трамп з самага пачатку свайго прэзідэнцтва выступае за жорсткі кантроль за міграцыяй.
На мінулым тыдні ён паабяцаў задзейнічаць войскі для поўнага закрыцця мяжы з Мексікай з-за якой расце паток бежанцаў з краін Цэнтральнай Амерыкі — у першую чаргу з Гандураса, Гватэмалы і Сальвадора.
Акрамя таго, Трамп пагражаў зрэзаць дапамогу Гандурасу, якому ЗША выдзелілі больш за 175 млн долараў у 2016—2017 гадах.
BBC