Трэцяя сусветная можа пачацца ў верасні, бліцкрыгам у Беларусі — Фяльштынскі

Уладзімір Пуцін не спыніцца на дасягнутым, і трэцяя сусветная вайна можа пачацца ў верасні. Пасля Украіны будзе Беларусь.



defc8461_c036_42cc_8a8e_d97d333f1fb1_w640_r1_s.jpg

Гэтак лічыць расійскі гісторык Юрый Фяльштынскі, з якім пагутарылі журналісты польскага выдання «Polska Times» з нагоды выхаду перакладу ягонай кніжкі «Трэцяя сусветная вайна? Бітва за Украіну» ў Польшчы. Прапануем фрагменты гэтай размовы.

Фяльштынскі: У польскай назве маёй кнігі — «Трэцяя сусветная вайна? Бітва за Украіну» — ёсць пытальнік. Ва ўкраінскім выданні, якое выйшла на рускай мове ў Кіеве, пытання няма. Але калі мне паказалі вокладку польскага выдання, і я ўбачыў пытальнік, я падумаў, што гэта вельмі добрая ідэя. Таму што для Украіны трэцяя сусветная вайна ўжо пачалася. А для Польшчы яна яшчэ ўвесь час пад пытаннем. Ці пачнецца сусветная вайна? Я мяркую, што ёсць два сцэнары. Калі Украіне будзе аказаная дапамога, і яна будзе ў стане супрацьстаяць расійскай агрэсіі, то Еўропа — і, як вынік, свет — пазбегнуць трэцяй сусветнай вайны. Калі Украіне не будзе нададзеная дапамога, і Расія яе заваюе, то мы апынемся перад небяспекай трэцяй вайны.

«Polska Times»: Якую дапамогу Еўропа і Амерыка павінны аказаць Украіне, каб пазбегнуць гэтай вайны?

Фяльштынскі: Памятаеце — калі расійскія войскі ўвайшлі ў Крым, то амерыканцы і еўрапейскія краіны, Францыя і Нямеччына, гучна і ясна заявілі пра дзве рэчы: па-першае, што Крым — гэта хутчэй расійская зямля, і што гэта ўкраінскі-расійскі канфлікт; і па-другое, што ні Амерыка, ні Еўропа не будуць аказваць вайсковую дапамогу Украіне. Так было сказана на самым пачатку. Ад таго часу мінула 11 месяцаў, і адміністрацыя Абамы і еўрапейскія ўрады — не ўсе, але частка — а таксама вайсковае камандаванне НАТО кажуць, што калі дыпламатыя пацерпіць няўдачу, Украіна атрымае вайсковую дапамогу. Гэта вынік, які Пуцін дасягнуў пасля першых 11 месяцаў сваёй агрэсіі. Зразумела, што Украіне трэба вайсковая і фінансавая дапамога. Гэта цана, якую Еўропа і Амерыка павінны заплаціць, каб не было трэцяй сусветнай вайны. Калі не заплацяць, трэцяя сусветная вайна безумоўна выбухне.

«Polska Times»: А чаму вы думаеце, што гэтая вайна ўспыхне менавіта ў верасні?

Фяльштынскі: Таму што цяперашняе менскае пагадненне — толькі тактычная перадышка. Гэта не заключэнне міру, але перапынак, каб усе маглі ацаніць сітуацыю. І я думаю, што вясной-летам 2015 года будзе чарговая хваля расійскай агрэсіі. Калі Украіна будзе акупаваная Расіяй да верасня, то мы напэўна будзем рухацца ў бок вайны. І гэта таму, што наступным відавочным крокам Пуціна ў вайне будзе Беларусь. Там будзе ажыццяўляцца аперацыя, аналагічная крымскай — гэта будзе бліцкрыг. У канцы верасня 2015 года Расія будзе на мяжы Прыбалтыкі, Польшчы і Заходняй Украіны. А гэта азначае рызыку трэцяй вайны.

«Polska Times»: Атака на балтыйскія краіны?

Фяльштынскі: Вы ведаеце, калі Гітлер 1 верасня 1939 перасякаў польскую мяжу, ён не ведаў, што пачынае Другую сусветную вайну. Ён сапраўды верыў, што Англія і Францыя не пачнуць вялікую вайну за Польшчу. І гэта нягледзячы на тое, што ён ведаў, што існуе міждзяржаўная дамова, паводле якой Англія і Францыя павінны абвясціць вайну Нямеччыне. З Пуціным так сама — ён ведае, што НАТО павінна абвясціць вайну краіне, якая нападае на ўдзельніка альянсу. Пуцін лічыць, аднак, што НАТО не выканае гэтае абавязанне і не пачне вайну. І ў гэтым, на жаль, пагроза.

www.svaboda.org