Twitter 7-гадовай дзяўчынкі з Алепа замаўчаў
Акаўнт сірыйскай дзяўчынкі, якая разам са сваёй маці пісала пра жыццё ў Алепа, быў выдалены.

«Мы ўпэўненыя, што войскі захопяць нас. Убачымся наступным разам, дарагі свет. Пакуль. — Fatemah #Aleppo», — цытуе допіс дзяўчынкі CNN.
Другі па велічыні горад Сірыі Алепа знаходзіцца ў эпіцэнтры кровапралітнага канфлікту. Тым, хто застаўся ў горадзе і апынуўся ў пастцы паміж сіламі паўстанцаў і ўрадавымі войскамі, даводзіцца штодня змагацца за сваё жыццё.
7-гадовая Бана пісала свае твіты па-ангельску, ёй дапамагае маці, настаўніца ангельскай мовы. Дзяўчынка распавядала пра сваё жыццё ва ўсходняй частцы Алепа, якая знаходзілася пад кантролем сірыйскіх паўстанцаў.
На яе акаўнт было падпісана больш за 100 000 асобаў.

«Гэта разбомблены дом маёй сяброўкі. Яе забілі. Я так па ёй сумую», — напісала ў адным з нядаўніх допісаў у Twitter Бана Алебед.