У Літве стартаваў праект узмацнення аховы мяжы з Беларуссю
У Друскінінкаі 4 лютага адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця праекта пад назвай «Тэрміновае ўзмацненне аховы мяжы на знешняй мяжы Еўрапейскага саюза з Рэспублікай Беларусь», паведамляе Служба аховы дзяржмяжы Літвы.
![original_060220222051.jpg original_060220222051.jpg](/img/v1/images/original_060220222051.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яго рэалізацыя і фінансаванне былі ўхвалены Еўракамісіяй у снежні мінулага года. Фонд унутранай бяспекі (ISF) вылучыў на ўзмацненне аховы знешняй мяжы Еўрасаюза з Беларуссю 14 990 920 еўра. Для рэалізацыі праекта прадугледжаны 10%-ны ўклад Службы аховы дзяржмяжы Літвы, што складае 1 665 65 еўра, адзначае REFORM.by.
Мэтай праекта з'яўляецца рашэнне бягучых пытанняў і праблем, звязаных з прытокам мігрантаў з Беларусі, кантроль патокаў нелегальнай міграцыі і забеспячэнне аховы знешняй мяжы ЕС і кантролю грамадзян трэціх краін, якія ўязджаюць на тэрыторыю Літвы.
Праект прадугледжвае куплю і мадэрнізацыю тэхнічных сродкаў: наземных і верталётных сродкаў назірання за мяжой, дадатковых службовых аўто для перавозкі людзей, абсталявання для арганізацыі харчавання замежнікаў, часова размешчаных у Літве.
Чакаецца, што праект будзе завершаны да 30 верасня гэтага года.
Літва адказвае за ахову амаль 1100 кіламетраў знешняй мяжы ЕС, з якіх 679 кіламетраў прыпадае на мяжу з Беларуссю.