У Расіі настаўніца заклейвала вучням рты скотчам, а тыя — распавялі ўсё бацькам
Настаўніцу малодшых класаў з Санкт-Пецярбургу падазруюць у здзеках з вучняў: яна, нібыта, заклеівала ім рты, піша meduza са спасылкай на Пяты канал. Самае цікавае, што ў Расіі гэта зусім не адзінкавы выпадак.

Фота medme.pl
Тэлеканал таксама апублікаваў відэа, на якім адзін са школьнікаў распавядае, як настаўніца заклейвала рот вучню другога класу, які «дрэнна сябе паводзіў». Размова ідзе аб школе № 474 уСанкт-Пецярбурзе.
«Росбалту» у адміністрацыі Выбаргскага раёну паведамілі, што вядома як мінімум пра два інцыдэнты. Дырэктар школы выкліканы ў адміністрацыю для тлумачэнняў, а настаўніца... нечакана «захварэла». У гарадскім камітэце па адукацыі сказалі, што настаўніцу хутчэй за ўсё звольняць. Разам з тым, пракуратура і Следчы камітэт ужо пачалі ў школе праверку.
Самае цікавае, што гэта выпадак для Расіі зусім не адзінкавы. У 2016-м у Пермі настаўніца, якая таксама заклейвала вучням рты, была прызнаная вінаватай у «невыкананні абавязкаў адносна выхавання непаўнагадовых». Вынік - штраф.
У лістападзе 2017-га аналагічная гісторыя адбылася і ў Смаленску. Там настаўніца звольнілася па асабістым жаданні. пра нейкія адміністратыўныя меры ў дачыненні да яе, інфармацыі няма.
Значна раней, у 2014-м, падобная гісторыя была ў Омску: там 32-гадовая выхавацельніца заклейвала скотчам рты... 3-гадовым дзецям. На гэтым спіс не сканчаецца, мы пералічылі адно найбольш вядомыя выпадкі.