Вярхоўны суд Ізраіля ануляваў закон аб судовай рэформе Нетаньяху, супраць якога былі пратэсты

У некалькіх суддзяў Вярхоўнага суда ў студзені мінаў тэрмін паўнамоцтваў, таму суд не мог не апублікаваць рашэнне ў гэтыя дні, хоць некаторыя палітыкі казалі, што ў разгар цяжкай вайны вяртацца да гэтага пытання, якое расколвае грамадства, вельмі несвоечасова.

Фота: Reuters

Фота: Reuters

Вярхоўны суд Ізраіля прызнаў неканстытуцыйным закон аб судовай рэформе, праведзены праз парламент правым урадам Біньяміна Нетаньяху і накіраваны на істотнае зразанне паўнамоцтваў гэтага суда, піша BBC.

Судовая рэформа выклікала вельмі вострае супрацьстаянне ў ізраільскім грамадстве, якое збольшага адышло ў цень толькі пасля нападу ХАМАС 7 кастрычніка. Рашэнне суддзяў можа прывесці да канстытуцыйнага крызісу, калі ўрад вырашыць яму не падпарадкоўвацца.

Заканадаўства пазбаўляла суд магчымасці адмяняць законы, якія ён лічыць «неразумнымі».

Прыхільнікі рэформы настойвалі, што нікім не выбраныя суддзі такім спосабам перакрэсліваюць рашэнні дэмакратычна абранай большасці дэпутатаў у Кнэсеце. Крытыкі казалі, што гэта паўнамоцтва суда — найважнейшы элемент сістэмы стрымак і проціваг, які не дае ізраільскай ліберальнай дэмакратыі вырадзіцца ў аўтакратыю.


Глядзіце таксама

У заяве суда гаворыцца, што калі закон уступіць у сілу, ён нанясе «цяжкі і беспрэцэдэнтны ўрон базавым характарыстыкам Дзяржавы Ізраіль як дэмакратычнай дзяржавы».

Суд разглядаў закон у поўным складзе, з 15 суддзяў за яго адмену прагаласавалі восем, сем выказаліся супраць.

Ярыў Левін, міністр юстыцыі ва ўрадзе Нетаньяху (партыя «Лікуд»), неўзабаве пасля абвяшчэння пастановы напісаў у тэлеграме, што «суддзі бяруць у свае рукі ўсе паўнамоцтвы, якія ў дэмакратычным рэжыме падзеленыя збалансаваным чынам паміж трыма галінамі ўлады».

Некаторыя палітыкі, у тым ліку той жа Ярыў Левін, раней паказвалі, што ў разгар цяжкай вайны публікаваць рашэнне суда па пытанні, якое расколвае грамадства, было б несвоечасова. Аднак у некалькіх суддзяў, якія слухалі справу, у студзені заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў, таму суд не мог пазбегнуць абвяшчэння рашэння ў гэтыя дні.


Глядзіце таксама

Пратэсты супраць судовай рэформы Нетаньяху працягваліся шмат месяцаў, часам прымаючы форму ўсеагульных забастовак. Арганізатары дэманстрацый называлі іх самымі масавымі ў гісторыі Ізраіля.

Сотні рэзервістаў, у тым ліку пілоты ВПС, у знак пратэсту адмаўляліся ад службы. Гэта выклікала асцярогі, што рэформа і спароджаны ёю грамадскі раскол скажуцца на баявой гатоўнасці ЦАХАЛ.