
Зяленскі адрэагаваў на заявы Лукашэнкі наконт удзелу Беларусі ў спецаперацыі
- Замежжа
- 03-07-2022
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў сённяшнюю заяву Аляксандра Лукашэнка пра тое, што ён заўсёды будзе з «брацкай Расіяй», а ўдзел у вайне ім даўно вызначаны.

«Я думаю, не сакрэт ні для каго, што з тэрыторыі Беларусі былі выпушчаныя ракеты па нашай дзяржаве. Наколькі мне вядома, Лукашэнка тым ці іншым чынам даваў сігналы, што без яго волі былі выпушчаныя тыя ці іншыя ракеты», — адзначыў Зяленскі.
Нагадаем, Лукашэнка падчас цырымоніі ўскладання вянкоў на Кургане Славы 3 ліпеня выступіў з заявамі пра вайну:
«Нас сёння папракаюць, што мы адзіная краіна ў свеце, якая падтрымлівае Расію ў яе барацьбе супраць нацызму. Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць Расію».
«І што яны не ведалі, што ў нас створаная ўжо даўно ў саюзе Беларусі і Расіі адзіная групоўка ўзброеных сіл, фактычна адзінае войска. Вы ж гэта ведалі. Дык чаму нас сёння папракаеце? Мы былі і будзем з брацкай Расіяй.
Наш удзел у гэтай спецаперацыі мною вызначаны даўно. У першы дзень пачатку гэтай аперацыі. Калі я сказаў, успомніце: «Мы нікому не дазволім страляць у спіну рускаму чалавеку».
І мы занялі абарону ад Брэсцкай крэпасці па паўднёвай мяжы, каб не дапусціць гэтага ўдару ў спіну з боку натаўскіх войскаў. Яны гэтага нам дараваць не могуць», — заявіў Лукашэнка.
Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!
Больш цікавага на «Новым Часе»: