ЗША выдзяляюць Украіне новы пакет ваеннай дапамогі, у тым ліку сістэмы HIMARS
Злучаныя Штаты Амерыкі афіцыйна пацвердзілі новы пакет бяспекі для Украіны аб'ёмам 700 млн долараў.
Як паведамляе "Еўрапейская праўда", пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на сумеснай прэс-канферэнцыі з генсекам НАТА Енсам Столтэнбергам.
"Сёння раніцай прэзідэнт Байдэн анансаваў істотны новы пакет дапамогі па бяспецы, каб узброіць Украіну дадатковымі здольнасцямі і перадавой зброяй — менавіта тым, у чым украінцы зараз маюць патрэбу, каб абараняцца ад расійскай агрэсіі. Гэта ўключае ў сябе больш перадавыя ракетныя сістэмы, якія дазволяць паражаць ключавыя мэты на полі бою з больш далёкіх адлегласцяў", — сказаў Энтані Блінкен, не прыводзячы іншых дэталяў.
Дзяржсакратар адзначыў таксама, што ЗША атрымалі запэўненні ўкраінскага боку аб тым, што прадастаўленыя ракетныя сістэмы не будуць выкарыстоўвацца па цэлях на тэрыторыі Расіі.
З інфармацыі, якая раней патрапіла ў СМІ з крыніц у адміністрацыі, вядома, што гаворка ідзе аб пакеце аб'ёмам 700 млн долараў, які ўключае ў тым ліку высокамабільныя артылерыйскія ракетныя сістэмы (HIMARS), з палітычнай умовай, што іх не будуць выкарыстоўваць для ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расіі.
Таксама ў пакеце — радыёлакацыйныя сістэмы, больш ракет Javelin, супрацьтанкавае ўзбраенне, верталёты, тактычныя транспартныя сродкі і розныя віды боепрыпасаў.