Камандзіру танка Т-72 у ваеннай частцы пад Слонімам абяцаюць плаціць 600 рублёў
На Слонімшчыне на кожнага беспрацоўнага цяпер прыходзіцца прыкладна па дзве вакансіі. Найбольш аплочваемыя вакансіі ў вайсковай частцы і ў "Газпрам трансгаз Беларусь".
Паводле банка дадзеных упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Слоніскага райвыканкама, у Слонімскім раёне за паўгода колькасць беспрацоўных знізілася напалову.
На пачатак верасня ў цэнтры занятасці зарэгістравана 163 беспрацоўных. На 1 мая гэтага года іх было зарэгістравана 190, на 1 красавіка налічвалася 243 беспрацоўных, а на 1 сакавіка — 349.
Па стане на 1 верасня мелася 346 свабодных працоўных месцаў. Атрымліваецца, што на кожнага беспрацоўнага цяпер прыходзіцца прыкладна па дзве вакансіі.
Адзін з самых вялікіх заробкаў — ад 1 400 рублёў — абяцаюць начальніку службы па эксплуатацыі АГНКС, філіял «Слонімскае УМГ ААТ« Газпром трансгаз Беларусь».
Намесніку дырэктара па камерцыйных пытаннях Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка прапануе зарплату ад 500 рублёў. На гэтую ж фабрыку патрабуецца электраманцёр па рамонце і абслугоўванню электраабсталявання — заяўлены заробак ад 520 рублёў і аператар істужачнага абсталявання — ад 465 рублёў.
У адну з устаноў Слоніма патрэбныя кухар і афіцыянт, праўда, зарплата адна з самых маленькіх у спісе вакансій — 265 рублёў. Такую ж зарплату будуць плаціць балетмайстру і дырыжору аркестра і хормайстру народнага ансамбля Слонімскага цэнтра культуры і адпачынку.
Паводле "Газета Слонімская"