Актывісты БХД патрабуюць пусціць у падпіску і шапікі «Белсаюздруку» газету «Новы Час»
Беларускія
хрысціянскія дэмакраты ў Мінску пачалі ля шапікаў «Белсаюздруку» збор подпісаў
за ўключэнне ў падпісны каталог незалежных СМІ, у прыватнасці газеты «Новы Час».
«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, абураныя парушэннем нашага канстытуцыйнага права на атрыманне інфармацыі і патрабуем вярнуць выданне «Новы час» ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду і ўключыць іх у дадатковы каталог «Белпошты», — гаворыцца ў звароце.
Актывісты ўжо збіралі ў розных раёнах Менска подпісы грамадзян пад зваротам у «Белсаюздрук» і Міністэрства інфармацыі і раздавалі мінакам бясплатныя асобнікі незалежнай прэсы. Кампанія будзе працягвацца.
«У Беларусі дэ-факта працягваецца дыскрымінацыя незалежнай прэсы. Так, «Народная Воля» замаўляецца ў шапікі «Белсаюздруку», які з’яўляецца фактычна манапалістам, у недастатковай колькасці і ўжо раніцай шмат дзе немагчыма набыць газету. А выдатнае выданне «Новы Час» ужо некалькі гадоў змагаецца за вяртанне ў падпіску. Яго немагчыма набыць і ў шапіках «Белсаюздруку», што, вядома, робіцца па ўказцы Міністэрства інфармацыі. Тым не менш, як дзяржаўнае прадпрыемства «Белсаюздрук» павінен выконваць законныя патрабаванні грамадзян», — адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
«Сітуацыя з незалежнай прэсай застаецца цяжкай. Інтэрнэт-выданням ствараюцца перашкоды ў доступе, яны сутыкаюцца з блакаваннем, а друкаваныя выданні сутыкаюцца з абмежаваннямі ў распаўсюдзе. І мы павінны прыкладаць намаганні, каб адстаяць права на атрыманне незалежнай інфармацыі, каб абараніць незалежную прэсу. Мы заклікаем грамадзян падтрымаць нашу кампанію, далучыўшыся да збору подпісаў, які ладзіць БХД, альбо самастойна накіраваўшы адпаведны зварот у Міністэрства інфармацыі і «Белсаюздрук», — заявіў ён.
«Незалежныя сродкі масавай інфармацыі — гэта адзіная магчымасць данесці да людзей праўдзівую і разнастайную інфармацыю. Згодна артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі грамадзянам гаратнуецца права на атрыманне поўнай, даставернай і своечасовай інфармацыі. Але на практыцы, як і большасць канстытуцыйных правоў грамадзян, гэта права парушаецца. Гэта проста маразм, што афіцыйныя выданні, зарэгістраваныя у Мінінфармацыі, такія як газета «Новы час» і шмат якія рэгіянальныя газеты немагчыма набыць праз шапікі «Белсаюздруку, якія з’яўляюцца манапалістамі распаўсюду друкаваных СМІ і немагчыма падпісацца на іх у «Белпошце». Мы сення правялі акцыю ў іх падтрымку і раздавалі газету «Новы час», распавядалі людзям пра сітуацыю з незалежнымі газетамі і прасілі іх паставіць свой подпіс за вяртанне газеты ў шапікі і падпіску. Людзі станоўча ставіліся да праблемы, ніхто не адмаўляўся браць газету, а некаторыя ўзгадвалі іншыя выданні, якія таксама немагчыма набыць», — паведаміла кіраўнік кампаніі Вольга Кавалькова.