Экс-кіраўніку «Аховы птушак бацькаўшчыны» Віктару Фенчуку запрасілі 2,5 года пазбаўлення волі

«Зялёны партал» паведамляе, што ўчора ў судзе Маскоўскага раёна Мінска бок дзяржабвінавачання запрасіў для вучонага-арнітолага Віктара Фенчука пакаранне ў два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

fenchuk01_1.jpg


Віктар Фенчук абвінавачваецца ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342. ч.1 КК).

Віктара Фенчука затрымалі 31 жніўня, адразу пасля таго, як у офісе «Аховы птушак Бацькаўшчыны» прайшоў ператрус. Тады сілавікі папрасілі копіі некаторых фінансавых дакументаў і праверылі тэлефоны супрацоўнікаў, а былога кіраўніка асудзілі на 12 сутак арышту. Артыкул, які яму інкрымінавалі, на той момант быў невядомы.

Перад заканчэннем тэрміну адміністрацыйнага арышту Віктара Фенчука затрымалі яшчэ на 10 сутак. Тады праваабаронцы выказалі меркаванне, што на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэксу. У выніку тыя падазрэнні пацвердзіліся.

Да матэрыялаў справы былі далучаныя фотаздымкі з маршаў. Таксама вядома, што ў Віктара канфіскаваны кубачак з надпісам «для чаю з малінавым варэннем».

Па словах пракурора, «такія паводзіны чалавека, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, проста недапушчальныя».

Дзяржабвінаваўца просіць спагнаць з Фенчука 196 тысяч рублёў на карысць «Мінсктранса».

Віктар — прафесійны арнітолаг, каардынатар праграм Франкфурцкай заалагічнай супольнасці і арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Узначальваў апошнюю з 2007 па 2014 год, затым быў яе супрацоўнікам.

Яго называюць «адвакатам дзікай прыроды». Ён кіраваў маштабнымі праектамі па вывучэнні, захаванні і ўзнаўленні прыродных экасістэм.

Праграму па захаванні дзікай прыроды Палесся ў Мінску АПБ адкрывала сумесна з Кембрыджскім універсітэтам.