Хронікі рэпрэсій: «экстрэмізм», затрыманні, суды
Расказваем, што адбылося ў грамадска-палітычным жыцці краіны сёння, 18 ліпеня.
Вынесены прысуд палітзняволенай Юліі Лаптановіч. Па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса жанчыне прысудзілі 5 гадоў зняволення і штраф — 608 рублёў. Муж Лаптановіч таксама пазбаўлены волі. У сям'і трое непаўнагадовых дзяцей.
15 сутак адміністрацыйнага арышту атрымаў ксёндз Аляксандр Вашчук — за «парушэнне арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў». Яго затрымалі 15 ліпеня, падставай для затрымання стаў рэпост «апошняга слова» Змітра Дашкевіча.
Фігурантаў «справы Аўтуховіча» палітзняволеных Мікалая Аўтуховіча і Вольгу Маёраву змясцілі ў карцар — нібыта за «парушэнне парадку». Мікалай ужо тыдзень трымае сухую галадоўку, а тым часам над «групай Аўтуховіча» працягваецца суд: ім інкрымінуюць больш за дзесяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — «тэрарыстычная дзейнасць» і «здрада дзяржаве». Падчас суду абвінавачаных трымаюць у клетках-«стаканах» — як «асабліва небяспечных».
У Беларусі прызналі экстрэмісцкім хэштэг «свабодная Беларусь», на што звярнула ўвагу «Медыязона». Відаць, любы допіс з такім хэштэгам цяпер будзе прызнавацца «экстрэмісцкім матэрыялам».
Да трох гадоў калоніі прысудзілі палітвязня Віталя Жылінскага. Мужчыну затрымалі 13 студзеня 2022 года, падставай стала падазрэнне ва «ўдзеле з дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт.342 КК). Праз паўгода да гэтага абвінавачання дадалося яшчэ «распальванне сацыяльнай варожасці» (арт.130 КК). Справу разглядала суддзя Наталля Бугук.
За «абразу супрацоўніцы міліцыі» 1,5 года «хіміі» і штраф у 100 базавых велічынь прысудзілі магілёўцу Віталю Таргонскаму. Прысуд быў вынесены сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Магілёва суддзёй Вольгай Зарычнюк.
Выйшла на волю палітзняволеная журналістка «T*T.by» Алена Талкачова. Агулам яна правяла за кратамі год і два месяцы.