«Я, Аляксандр Лукашэнка, да гэтага не дажыву, і праблемы будуць ужо не мае»

Беларускі дэмаграфічны крызіс абвастраецца ўжо цяпер. У беларускіх ВНУ — недаборы, людзі працаздольнага ўзросту працягваюць з'язджаць з краіны, а колькасць занятых у эканоміцы б'е ўсё новыя антырэкорды. Што гэта азначае для краіны?

_pensijaner___uzrost___czalavek___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі ў эфіры «Звычайнага ранку» заўважае, што ўсё вышэй пералічанае — адзін з дэмаграфічных трэндаў, які паўстаў не ўчора, а працягваецца даволі доўга. Плюс, да гэтага дадаецца спецыфіка нашай дзяржавы, калі людзей усяляк матывуюць куды-небудзь з'ехаць.

— Пазалетась, летась было мала студэнтаў, сёлета іх яшчэ менш. Першая прычына: гэтыя маладыя людзі не нарадзіліся 18 гадоў таму, другая — некаторыя з іх паглядзелі на тое, што дзеецца ў беларускіх ВНУ і вырашылі прыняць усе меры, каб паступіць у які-небудзь замежны ўніверсітэт.

Таму што ўмовы навучання ў нас таксама не паляпшаюцца: і мала бясплатных месцаў, і беларускія ўлады, мяркуючы па ўсім, лічаць, што студэнты — нейкія іх бясплатныя прыгонныя.

Напрыклад, праблемы з кадрамі ў медыцыне Лукашэнка прапанаваў вырашаць такім чынам, каб проста павялічыць тэрмін адпрацоўкі для маладых спецыялістаў; магчыма, адабраць пашпарты, замкнуць іх на вёсцы, каб там лячылі.

Сапраўды, гэтак жа Лукашэнка вырашае праблемы і ў сельскай гаспадарцы — цяпер нельга звальняцца. Зразумела, што студэнты тым больш не абаронены, іх пастаянна намагаюцца то на палі адправіць, то кудысьці размеркаваць.

Эксперт лічыць: нават змены, якія ўступаюць у сілу датычна адтэрміноўкі ад войска (тыя беларусы, якія вучацца за мяжой, цяпер не змогуць на яе разлічваць), не пераважваюць плюсаў навучання за мяжой, якое выбіраюць многія студэнты.

Зрэшты, такі выбар, хоць і па іншых прычынах, робяць не толькі тыя, хто матываваны на вучобу.

— Калі чалавек не пайшоў ва ўніверсітэт, гэта зусім не значыць, што ён нічога не разумее і павінен абмотвацца чырвона-зялёным сцягам і бегаць за ГУБАЗІКам.

Людзі ў большасці сваёй рацыянальныя, шукаюць свае выгады. Разумеючы, што прадаваць дыні ў Варшаве больш выгадна, чым працаваць на шынамантажы ў Віцебску, пэўны адсотак грамадзян таксама пераедзе.

Глядзіце таксама

Яшчэ адна вялікая дэмаграфічная праблема, якая наўпрост адбіваецца на эканоміцы: беларусы імкліва старэюць.

— У прыватнасці, гэта азначае дзве рэчы, — кажа Львоўскі, — колькасць працаздольнага насельніцтва памяншаецца хутчэй, чым насельніцтва Беларусі, і змяняецца дэмаграфічная нагрузка, з'яўляецца больш пенсіянераў на душу насельніцтва. Гэта, у сваю чаргу, азначае змяненне попыту: пенсіянерам больш важныя, да прыкладу, медыцынскія паслугі, чым бары на Зыбіцкай.

Значыць, трэба больш пенсій — а яны ідуць з заробкаў бягучых работнікаў, назапашванняў жа няма, ФСАН дэфіцытны.

Адпаведна, трэба альбо зніжаць пенсіі (дарэчы, яны ў Беларусі апошнім часам зніжаюцца адносна сярэдніх заробкаў), альбо павышаць падаткі. Альбо — і я ўпэўнены, што ўрад у нейкі момант так і зробіць — павялічыць пенсійны ўзрост.

Хоць мужчынам 5 гадоў ужо асабліва не дадасі, у сярэднім беларускія мужчыны паміраюць на 10 гадоў раней, чым жанчыны, многія не паспяваюць пажыць на пенсіі. Складана дакладна сказаць, у чым прычына такой вялікай разбежкі, а звесткі Міністэрства аховы здароўя далёкія ад рэальнасці.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі — як чалавек, які пачаў хлусіць з першага класа, і ўжо, здаецца, не можа вымавіць праўды.

Сярод верагодных прычын — «няправільнае п'янства» (ёсць краіны з такім жа спажываннем алкаголю на душу насельніцтва, але значна меншай смяротнасцю): беларусы п'юць не толькі шмат, але і, мабыць, не тое і не так. Да таго ж высокі ўзровень самагубстваў, асабліва сярод мужчын; высокая доля людзей, якія паміраюць ад бруднага паветра — ад хвароб лёгкіх, якія не з'яўляюцца ракам лёгкіх («дзякуючы» індустрыяльнай вытворчасці і сельскай гаспадарцы). Адзначу, што мужчыны даўжэй жывуць у грамадстве, дзе жанчыны і мужчыны роўныя.

Што могуць зрабіць з назапашанымі праблемамі беларускія ўлады — і ці будуць? На думку эксперта, рашэнні ёсць.

— Напрыклад, трэба стымуляваць нараджальнасць. У нас дзяржава займаецца патэрналісцкімі палітыкамі, у асноўным даюць грошы — але гэта не дапамагае стымуляваць сучасных жанчын нараджаць. Для многіх важны стопар — страта часу, кар'ерных перспектыў. Ёсць шэраг іншых палітык стымулявання нараджальнасці, але ў Беларусі гэтым пакуль не моцна займаюцца.

Трэба прыцягваць мігрантаў, трэба даследаваць, чаму людзі эмігруюць, і змагацца з гэтым.

Тут зразумела, што беларускі ўрад нічога рабіць не будзе: з'ехаў — і добра, затое не ходзіш, не мітынгуеш. Трэба рэфармаваць пенсійную сістэму, каб яна не залежала ад дэмаграфічных хваль…

Спосабаў, насамрэч, шмат, але ў нас не робіцца нічога. Можа быць, улады толькі пастрожаць эміграцыю або паедуць ва Узбекістан і паспрабуюць прыцягнуць іх грамадзян пераехаць у Беларусь, хоць, думаю, большасць не паедзе.

А можна проста сядзець, чакаць (галоўныя праблемы ў дэмаграфіі Беларусі пачнуцца прыкладна ў сярэдзіне стагоддзя, у 2050 годзе) і думаць: я, Аляксандр Лукашэнка, не дажыву да гэтага, праблемы ўжо будуць не мае.

Паводле «Салідарнасці»

Глядзіце таксама