Калеснікава, якая парвала не толькі пашпарт, і трывалы супраціў. Найважнейшае за 8 верасня
Безумоўна, падзеяй мінулага дня быў дэтэктыў з удзелам Марыі Калеснікавай і яе таварышаў. Буйнамаштабная аперацыя, у якой былі задзейнічаныя шматлікія сілавыя і прапагандысцкія структуры, правалілася высілкамі аднаго чалавека — «жалезнай ледзі» Машы.

Як расказалі таварышы Калеснікавай, якія ўсё ж апынуліся ва Украіне, — чальцы Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў — беларускія ўлады ў чарговы раз спрабавалі правярнуць фокус з «высылкай». У аперацыі былі задзейнічаныя такія структуры, як ГУБАЗіК, КДБ, Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК Беларусі, не выключана, што Памежкамітэт (але таксама не выключана, што яны проста сітуацыйна вымушаныя былі рэагаваць на бздуру калегаў) прапагандысты і іншыя фальсіфікатары.
Але пры «высылцы» Калеснікава проста парвала свой пашпарт. Такім чынам, на тэрыторыю Украіны яна ніяк не трапляла.
У выніку — усе высілкі, усе прапагандысцкія загатоўуі кшталтк «перахопу тэлефонных размоў» і іншае пайшлі пшыкам. Калеснікава ў Беларусі, пададзеная заява пра пошук зніклага чалавека (то-бок яе), і ўтрымліваць яе за кратамі падставаў, нібыта, няма.
Чаму ўлады так старанна, з парушэннем закона, выціскаюць з краіны актывістаў? Кажыць, што на Лукашэжнку моцна ціснуць, каб ён праводзіў перамовы з пратэстоўцамі і ўрэгуляваў сітуацыю. Калі не будзе з кім перамаўляцца, то і перамоў не будзе. Але Маша зноў паламала яму (і не толькі яму) усе планы.

А ўвечары 8 верасня ў Мінску каля Камароўскага рынку, а таксама на праспекце Машэрава прайшла акцыя ў падтрымку Калеснікавай. І пра яе ўжо кажуць, што на мяжы яна парвала не толькі пашпарт, але і шаблоны, інтэрнэт і дыктатуру.
Пратэст не сцішваецца. Апроч акцыі ў падтрымку Калеснікавай працягнуліся студэнцкія акцыі. Ля станцыі ТВВОД (ОСВОД) на Камсамольскім возеры ў Мінску прайшла акцыя салідарнасці з затрыманымі і змешчанымі на Акрэсціна ратавальнікамі, якія выцягвалі людзей з вады пасля Маршу адзінства 6 верасня.

А больш за 2400 выпускнікоў МДЛУ падпісаліся пад зваротам да кіраўніцтва навучальнай установы з жаданнем «пачуць выразную пазіцыю рэктарата і асабіста Баранавай Наталлі Пятроўны – атрымаць адзнаку дзеянняў сілавікоў па затрыманні студэнтаў 1 і 2 верасня».
Тым часам трывае і электронны супраціў. Каманда платформы «Голас» і супольнасць «Сумленныя людзі» выступілі з ініцыятывай распачаць справы на фальсіфікатараў выбараў. Яны запускаюць новы праект — «Справа аб фальсіфікацыі». Мэта яго ў тым, каб падаць калектыўныя заявы ў РУУС пра фальсіфікацыі на участках для галасавання.

Беларускія айцішнікі падрыхтавалі «чорны спіс», дзе пералічаныя лаяльныя цяперашняй уладзе бізнесы. Прапануецца не набываць іх тавары і паслугі — гэткі «эканамічны ціск» на ўлады.
Між тым, эканамічная сітуацыя ў дзяржавы — непрыемная. Пакуль яна марнуе грошы на правакацыі, на якія ніхто не вядзецца і якім ніхто не верыць, фінансавы сектар падае ў прорву. Белаграпрамбанк, Прыёрбанк, Ідэя Банк доўга трымаліся, але ўслед за іншымі прыпынілі прыём заявак на выдачу крэдытаў. Гэта азначае — грошай няма. І наўрад ці яны аднекуль возьмуцца.