На незалежную журналістку з Гомеля склалі пратакол за матэрыял, які дапамог вырашыць праблему
У дачыненні да журналіста-фрылансера Ларысы Шчыраковай складзены чарговы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Ларыса Шчыракова / gomelspring.org
Пратакол склаў участковы інспектар Гомельскага РАУС Дзмітрый Чан. Журналістку традыцыйна абвінавачваюць па арт. 22.9 КаАП РБ «Незаконнае выраб прадукцыі СМІ». Матэрыял «Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомелі», які, нібыта, незаконна вырабіла журналістка, датычыўся жыхароў некалькіх новабудоўляў у пасёлку Бальшавік, якія скардзіліся на рэгулярны пах угарнага газу ў сувязі з неналежным выкананнем будаўнічых работ.
«Я, шчыра кажучы, пасля спынення двух аналагічных працэсаў супраць мяне ўжо падумала, што здаровы сэнс перамог і журналістаў-фрылансераў больш не будуць пераследваць, — каментуе Ларыса Шчыракова, — але, відаць, паслабленне хваткі было тактычным крокам уладаў. Што да сутнасці абвінавачванняў, згодна з Канстытуцыяй РБ і артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь ратыфікавала, я маю поўнае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. І я гэтым правам карыстаюся. І яшчэ мяне вельмі радуе, што мая праца мае канкрэтны вынік і рэальна дапамагае людзям вырашаць іх праблемы. Пасля публікацыі матэрыялу аб праблемах жыхароў пасёлка Бальшавік з ўгарным газам, газавая служба ліквідавала ўсе непаладкі. Такім чынам, дзякуючы адной публікацыі вырашылася праблема, з якой жыхары некалькі гадоў безвынікова звярталіся ў розныя інстанцыі».
Нагадаем, што з пачатку года гэта ўжо чацвёрты адміністрацыйны пратакол у дачыненні да журналісткі. Суд Гомельскага раёна па адным пратаколе аштрафаваў яе на 20 базавых велічынь, а суд Савецкага раёна Гомеля і Светлагорскага раёна спынілі адміністрацыйныя працэсы «у сувязі з тэхнічнымі прычынамі».