Навіны дня. Жыццё робіцца даражэйшае і яшчэ больш небяспечнае
Палітвязням не аддаюць лісты. Арышты не спыняюцца — сёння ўзяліся за незалежныя прафсаюзы. Гэтыя і іншыя навіны чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе
Жыццё ў краіне даражэе. У Беларусі зноў падаражэла аўтамабільнае паліва. Восьмы раз ад пачатку года.
Больш каштуе цяпер і праезд у грамадскім транспарце. Апошнім рашэнне падняць цану прыняў Магілёўскі аблвыканкам.
Былога ідэолага БелТА асудзілі «злівы» апазіцыйным тэлеграм-каналам. Нядаўняга намесніка генеральнага дырэктара БелТА па ідэалагічнай працы Сяргея Адзярыху асудзілі да пяці гадоў калоніі.
Палітвязням не аддаюць лісты. На Міколу Дзядка ціск у калоніі не спыняецца. «Працягваюцца канфіскацыі і знішчэнні лістоў у максімальна здзеклівай форме… Было знішчана ўжо каля 45 лістоў».
Да Дар’і Чульцовай у калоніі таксама наогул не даходзяць лісты. «Усё ідзе ў печку!», — распавяла яе маці.
Сёння цягам усяго дня адбываюцца масавыя ператрусы ў чальцоў незалежных прафсаюзаў.