Новая ADAMI
Прэзентацыя новай ADAMI-Медыяўзнагароды за культурную разнастайнасць ва Усходняй Еўропе і міжнароднага медыйнага конкурсу фільмаў, тэлевізійных і інтэрнэтпраграм, якія спрыяюць культурнай разнастайнасці і міжкультурнаму дыялогу, прайшла ў панядзелак у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Ідэю ADAMI ды ўмовы ўдзелу ў конкурсе прадставілі каардынатар конкурсу СаломэКікалеішвілі, а значнасць гэтай ініцыятывы і ахопленых праектам тэмаў для Беларусі і рэгіёна Усходняга партнёрства акрэслілі намеснік старшыні БАЖ Міхась Янчук, афіцыйны прадстаўнік канала “Белсат”, новы амбасадар Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар і Джым Кузенс, кіраўнік Аддзела па пытаннях палітыкі, інфармацыі і прэсы Дэлегацыі Еўрапейскага Саюза.
Як адзначыла Саломэ Кікалеішвілі, ініцыятыва ADAMI скіраваная на журналістаў і спецыялістаў у галіне сродкаў масавай інфармацыі шасці краінаў — удзельніц Усходняга партнёрства ў рамках праекта ЕС — Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца фільмы, тэлевізійныя ды інтэрнэтпраграмы, якія пашыраюць ідэю мірнага суіснавання людзей, прыналежных да розных нацыянальнасцяў, этнасаў, рэлігіяў і культур.
Шэсць ADAMI Медыяўзнагарод–2015 будзе прысуджана ў шасці катэгорыях:
- ADAMI Медыяўзнагарода ў галіне забаў (мастацкія фільмы);
- ADAMI Медыяўзнагарода за інфармацыю (дакументальныя фільмы);
- ADAMI Медыяўзнагарода за навіны і кароткаметражныя дакументальныя фільмы;
- Моладзевая ADAMI Медыяўзнагарода;
- ADAMI Інтэрнэтузнагарода за Інтэрнэтсайты;
- ADAMI Інтэрнэтузнагарода за Інтэрнэтвідэа.
Уручэнне ADAMI Медыяўзнагародаў–2015, паведаміла спадарыня Саломэ Кікалеішвілі, адбудзецца ў снежні падчас святочнай цырымоніі ў Тбілісі з жывой міжнароднай трансляцыяй. Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 25 кастрычніка 2015 года. Пры гэтым, падкрэсліла яна, да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца заяўкі ад усіх рэдакцыяў і журналістаў, незалежна ад таго, дзяржаўныя яны ці не.
Пасол Германіі Петэр Дэтмар падкрэсліў, што нямецкае Міністэрства замежных справаў надае вялікую ўвагу праекту і фундуе яго. Па словах дыпламата, сёння вельмі важна разумець важнасць пытання суіснавання розных народаў і культур. І дадаў, што беларускую культуру някепска ведаюць на Захадзе. Дарэчы, новы амбасадар ФРГ вярнуўся ў нашу краіну праз два гады перапынку — да гэтага ён чатыры гады працаваў у Беларусі ў пасольстве сваёй дзяржавы. А цяпер ачоліў дыпламатычнае прадстаўніцтва Нямеччыны ў Сінявокай.
Як адзначыў Міхась Янчук, цяжка сабе ўявіць больш своечасовую ініцыятыву. “Таму што мы зараз сутыкаемся з найбольш цяжкім выпрабаваннем еўрапейскіх каштоўнасцяў за ўсе часы пасля распаду СССР. Бо базавыя маральныя прынцыпы і каштоўнасці, не спраўджаныя жыццём, — гэта толькі шаблоны, і мы не ведаем, застанемся пры іх ці не, калі не праверым іх на практыцы. Нямеччына вынесла на сабе найбольшы цяжар балканскай вайны ў 90-я гады, і зараз як раз яна бярэцца за тое, каб пераадолець і гэты крызіс, які чакае Еўропу ў бліжэйшы год, — падкрэсліў намеснік кіраўніка БАЖ. — Другі аспект: мы жывем у краіне, прэзідэнт якой у свой час сказаў, што ён свой народ за цывілізаваным светам не павядзе. Гэта агаворачка па Фрэйду, таму што ўсё, што робіцца ў сферы беларускай дзяржаўнай палітыкі, ідзе якраз у гэтым накірунку. Краіны Усходняга партнёрства вельмі па-рознаму скарысталіся магчымасцямі, якія ім былі дадзены гэтым механізмам. На сёння тры краіны прачнуліся, іх грамадствы актываваліся і ідуць у бок цывілізаванага свету. А спадзяюся, што праекты кшталту ADAMI дапамогуць актывізаваць і іншыя краіны, бо мы бачым, як прачынаецца Арменія, і чакаем на тое, што прачнецца і нашая краіна”.
Міхась Янчук паведаміў, што і тэлеканал “Белсат”, які ён ачольвае ў Беларусі, возьме ўдзел у праекце.
Для ўдзелу ў прафесійным спаборніцітве тэлевяшчальным і прадзюсерскім кампаніям, адукацыйным установам і фізічным асобам неабходна зарэгістравацца на сайце www.adamimediaprize.eu і адправіць два DVD разам з запоўненым бланкам заяўкі на адрас нашага офіса ў Тбілісі. Больш падрабязную інфармацыю пра правілы ўдзелу ў конкурсе можна атрымаць на сайце ці з адмысловай брашуры “Умовы прыёму заявак”.
ADAMI Медыяўзнагарода
за культурную разнастайнасць ва Усходняй Еўропе
для Швейцарскага Бюро супрацоўніцтва
вул. Радзіяні, 12, Тбілісі, Грузія
Тэл. +995 32 222 57 59
Эл. пошта: competition@adamimediaprize.eu
Уганараванне пераможцаў пройдзе 10 снежня ў Тбілісі. Дарэчы, гэта адначасова і Сусветны дзень абароны правоў чалавека.