Па даносе «неабыякавага грамадзяніна» мужчыну з санаторыя адправілі на суткі
У пачатку верасня ў санаторыі «Лясное» сілавікі затрымалі мужчыну, які прыехаў на адпачынак. Падставай стала майка з «Пагоняй» і з надпісам «#БНР100 Хай воля вечна будзе з намi!», паведамляюць праваабаронцы.
На судзе мужчына цалкам прызнаў віну і патлумачыў, што ў канцы жніўня ён разам з жонкай прыехаў на адпачынак у санаторый. У адзін з дзён надзеў майку і нейкі час знаходзіўся ў ёй у адміністрацыйным будынку сярод адпачывальнікаў.
На майку са «спецыфічнай сімволікай» звярнуў увагу «неабыякавы грамадзянін» і паскардзіўся ў Докшыцкі РАУС. У выніку мужчыну затрымалі, а майку вынялі. Да матэрыялаў справы далучылі відэазапіс з санаторыя, на якім зафіксаваны «ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні». Вядома, што ў студзені мужчыну ўжо судзілі па арт. 24.23 КаАП.
Суддзя Докшыцкага раёна Вячаслаў Елісеенка 5 верасня прызнаў мужчыну вінаватым у «пікетаванні» і арыштаваў яго на 15 сутак, а майку пастанавіў знішчыць як «не ўяўлялую каштоўнасці».
У Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі супраць грамадзян за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі. Так, 14 верасня былі затрыманыя пяць чалавек, якія вывесілі бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны на 19-павярховым доме па вуліцы Лесі Украінкі.