Пабрацца шлюбам з палітвязняволеным (-ай): як гэта магчыма?

Учора ў гомельскай ПК-4 палітзняволеная Яна Арабейка выйшла замуж за інжынера Валерыя Таміліна. «Вясна» паразмаўляла з мужчынам, каб даведацца алгарытм дзеянняў для тых, хто таксама хоча пабрацца шлюбам са зняволенымі, якія знаходзяцца ў СІЗА ці адбываюць пакаранне ў калоніі.



scale_1200_42.jfif


Што патрэбна зрабіць, каб пабрацца шлюбам?

Людзі, якія маюць намер пабрацца шлюбам, запаўняюць заявы: кожны сваю. Узор можна атрымаць у ЗАГС таго раёна, да якога тэрытарыяльна адносіцца СІЗА/калонія. Чалавек на волі дасылае іх начальніку ўстановы, дзе знаходзіцца зняволены (-ая). Начальнік СІЗА/калоніі завярае, што подпіс і пашпартныя даныя чалавека ў няволі сапраўды належаць яму, і дасылае заявы назад чалавеку, які знаходзіцца на волі. Таксама, па некаторых звестках, у ПК-8 гэтай працэдурай займаецца натарыўс.
Пасля гэтага чалавек на волі адносіць заявы у ЗАГС, дзе прызначаюць дату шлюбу. Часцей за ўсё гэтыя даты вызначаныя ўстановамі загадзя.
Валерый раіць сачыць за тэрмінамі пераводаў чалавека з СІЗА ў калонію і старацца паспець падаць заяву ва ўстанову да таго, як яго этапуюць.

Колькі часу займае працэс?

Валерый адправіў начальніку калоніі падпісаныя ім і Янай заявы 8 студзеня 2022 года, атрымаў іх назад праз паўтара тыдні, і 27 студзеня ўжо прайшла рэгістрацыя шлюбу. Максімальна магчымага тэрміну верыфікацыі асобы начальнікам калоніі ў законе няма.
У выпадку Яны і Валерыя шлюб заняў паўгода: з 16 ліпеня 2021 года па 27 студзеня 2022 года, аднак шэраг праблемаў узніклі праз этапаванне дзяўчыны з СІЗА ў калонію, а таксама ейны нібыта згублены судом Савецкага раёна пашпарт.

Як праходзіць рэгістрацыя?

Рэгістрацыя шлюбу адбываецца ў будынку калоніі: у гомельскай ПК-4 гэта памяшканне, дзе адбываюцца кароткія спатканні. Уся працэдура цягнецца пяць хвілін, там прысутнічаюць маладыя і супрацоўніца ЗАГС, супрацоўніца калоніі.
З дазволу начальніка ўстановы на рэгістрацыі шлюбу таксама могуць прысутнічаць сведкі і блізкія сваякі. Для гэтага патрэбна падаваць адмысловыя заявы.

Колькі каштуе працэдура?

Пабрацца шлюбам у зняволенні каштуе столькі ж, колькі і на волі: адну базавую велічыню (32 рублі). Таксама трэба ўлічваць, што патрэбна забяспечыць дарогу супрацоўніку ЗАГС да месца зняволення і назад.

Што можна рабіць падчас рэгістрацыі?

Калі падчас шлюбу не дзейнічаюць каранцінныя абмежаванні, то дазваляецца абняцца, пацалавацца і абмяняцца некалькімі словамі. У некаторых выпадках абдымацца маладым забаранялі, а цырымонія адбывалася праз шкло. Магчыма, дазволена мець пры сабе кветкі: гэтае пытанне Валерый не ўдакладняў, аднак такія выпадкі вядомыя.
Пасля афармлення шлюбу нельга заставацца ў памяшканні са зняволеным (-ай) нават на 10-15 хвілін.

Якія магчымасці з'яўляюцца ў новай сям'і?

Акрамя спатканняў, званкоў і магчымасці перадаваць перадачы, маладым належыць яшчэ адно працяглае спатканне да трох сутак адразу пасля шлюбу. Важна, што дадатковае спатканне даецца, толькі калі шлюб быў зарэгістраваны ў калоніі, а не ў СІЗА. Як хутка яго дадуць — залежыць ад аператыўных супрацоўнікаў часткі, тэрміны і ўмовы не прапісаныя ў законе. Меркавана, Валерый і Яна атрымаюць спатканне 17 лютага — праз тры тыдні пасля вяселля.
Валерый кажа, што галоўнае ў гэтай справе — набрацца цярпення і разумець, што працэс можа быць доўгім. А таксама не планаваць нічога, пакуль не будуць вядомыя дакладныя даты.
Нагадаем, у СІЗА ці калоніі пабраліся шлюбам і іншыя сем’і палітзняволеных: Яўген і Вераніка Бароўскія, Віктар і Яўгенія Панцялеевы, Міхаіл Юдзін і Валерыя Латаш, Уладзімір і Марына Няронскія, Ігар Бузук са сваёй дзяўчынай, Святаслаў і Таццяна Герасімукі.