Пры вобшуках у беларусаў знікаюць каштоўнасці. Хто вінаваты?

Беларусы скардзяцца на знікненне рэчаў, грошай і нават дыскаў для відэагульняў пасля ператрусаў. Калі іх не зафіксавалі ў вопісе — даказаць, што нешта знікла, наўрад ці атрымаецца.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Медыязона» сабрала гісторыі беларусаў, у якіх пасля ператрусаў дома знікалі розныя рэчы: грошы, упрыгожанні, алкаголь і дыскі для «Playstation».

Імёны некаторых герояў зменены.

Грошы

Падчас ператрусу ў кватэры Івана сілавікі канфіскавалі тэхніку і грошы. Пасля частка сродкаў пайшла на судовыя выплаты. Калі родным Івана аддавалі тыя грошы, што засталіся, яны не далічыліся каля 2 000 долараў.

«На якім этапе грошы зніклі, я не магу сказаць, я быў у калоніі, — расказваў Іван. — Сума сур'ёзная. Але калі ты знаходзішся там, ты баішся за родных. А калі я вызваліўся, не хацеў прыцягваць увагу. Ну, хлопцы, на вашым сумленні хай будзе. Чорт яго ведае. Пайду ў міліцыю качаць правы?.. Не дай бог зноў крымінальная справа. Ну, забралі дык забралі. Вам, напэўна, больш патрэбна было».

У сакавіку 2024 года актывіст і хрысціянскі прапаведнік Сяргей Мельянец прыйшоў у суд над журналістам Ігарам Карнеем. Яго затрымалі, а пры аглядзе заплечніка склалі вопіс, у які, сярод іншага, запісалі 5 рублёў. Паводле слоў Мельянца, насамрэч пры ім было 300 рублёў — 295 рублёў «зніклі».

У 2020 годзе грошы зніклі і ў брэстаўчаніна Дзмітрыя Панько.

«Падчас ператрусу забралі каля 500 рублёў. Гэта была каса, якую я павінен быў адвезці на працу. Спыталі ў мяне: "Табе што, за мітынгі заплацілі?" Я пачаў тлумачыць, што гэта за грошы. Яны мне адразу ў адказ: "Затыкніся, на*уй". Адзін з супрацоўнікаў забраў грошы і паклаў іх сабе ў барсетку», — згадваў Панько.

У пастарунку ён спытаў у міліцыянта, ці вернуць яму грошы. Той у адказ спытаў: «Якія грошы?» Панько дзеля ўласнай бяспекі больш пытанняў не задаваў. Яго прысудзілі да 3 гадоў калоніі па справе аб «масавых беспарадках». Ён цалкам адбыў прызначаны тэрмін і з'ехаў з Беларусі.


Глядзіце таксама

Пенсіянера Аляксея затрымалі летам 2022 года па даносе суседа, які раней працаваў у міліцыі. На лецішча прыехалі супрацоўнікі АМАПа і ГУБАЗіКа. Там у гаражы Аляксей захоўваў грошы на «чорны дзень» і іншыя каштоўнасці. Ён сцвярджае, што супрацоўнік, які аглядаў сейф, паказаў панятым толькі стары крыжык і пярсцёнак, але не 20 000 долараў, якія таксама там ляжалі.

«Гэта значыць, паводле вопісу іх як быццам і не было. Пасля гэтыя грошы так і не знайшліся», — сцвярджае пенсіянер.

Мужчыну прысудзілі да «хатняй хіміі», ён з'ехаў з Беларусі.

Духі, ўпрыгожанні і дыскі для «Playstation»

Палітвязень Канстанцін Карней пасля вызвалення даведаўся, што з яго кватэры зніклі некалькі дыскаў з гульнямі для кансолі «PlayStation», бацькаў гадзіннік, а ў яго дзяўчыны парфюм — напалову выкарыстаны флакон «Сhanel №5». Карнея прысудзілі да паўтара года «хатняй хіміі» паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку», і ён пакінуў Беларусь.

Пра знікненне каштоўнасцей падчас ператрусу расказваў у судзе і анархіст Мікалай Дзядок, прысуджаны ў 2021 годзе да 5 гадоў калоніі. У вопісе канфіскаваных рэчаў ён не знайшоў некаторых прадметаў.


Глядзіце таксама

«Мяркую, што камеру, штатыў, гадзіннік і тысячу рублёў скралі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, скарыстаўшыся тым, што я большую частку часу нічога не бачыў, бо ляжаў тварам у падлогу. Па-другое, быў дэзарыентаваны і не мог уважліва чытаць спіс канфіскаванага», — сказаў Дзядок.

Пра знікненне рэчаў расказвала і спявачка Мерыем Герасіменка. Ператрус у яе кватэры прайшоў, калі яна ўжо была ў СІЗА. Пасля вызвалення яна знайшла ў кватэры толькі пустыя скрынкі ад залатых завушніц і кулонаў, духоў і элітнага алкаголю.

«Калі грошы забіраюць без пратакола, то потым цяжка будзе даказаць, што забралі і не аддалі»

Праваабаронца Леанід Судаленка раіць кантраляваць усё, што робяць сілавікі падчас ператрусу, патрабаваць копію пратакола, вычытваць вопіс перад тым, як ставіць подпіс, і ўносіць свае пярэчанні, калі гэта неабходна.

Калі праваабаронцу затрымлівалі па крымінальнай справе, у яго пры сабе было 800 рублёў, якія былі ўнесены ў вопіс. Пасля вызвалення з калоніі ён атрымаў гэтыя грошы назад.

«Звяртацца трэба да тых, хто забраў [грошы]. Яны ж даюць адпаведную паперу. Яны і накіравалі [мяне] ў фінаддзел гарвыканкама, куды перадалі на захаванне грошы», — расказвае ён.


Глядзіце таксама

Да гісторый, калі міліцыянты забіралі грошы, Судаленка ставіцца з падазрэннем.

«Грошы не могуць знікнуць. Забралі адзін рубель — ён запісаны ў пратаколе. Калі забіраюць без пратакола, то потым цяжка будзе даказаць, што забралі і не аддалі».

Паводле слоў прадстаўніка «BELPOL» і былога супрацоўніка міліцыі Уладзіміра Жыгара, знікненне рэчаў пры ператрусах «больш выключэнне, чым правіла».

У выпадку, калі да знікнення рэчаў датычныя супрацоўнікі сілавых ведамстваў, іх дзеянні могуць быць кваліфікаваныя як «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі», «злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» альбо «перавышэнне службовых паўнамоцтваў».