Самалёт з мігрантамі вылецеў з Мінска ў Дамаск

Самалёт авіякампаніі Cham Wings з мігрантамі на борце вылецеў з Мінска ў Дамаск, пра гэта сведчаць звесткі анлайн-табло вылетаў і прылётаў Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» у сераду.

dhtqebewsaafzhm.jpg


Паводле дадзеных табло, з Мінска самалёт вылецеў у 08.45, паведамляе Інтэрфакс-Захад. Рэйс у Дамаск павінен быў адпраўляцца з беларускай сталіцы ў 03.30. Аб колькасці зарэгістраваных на рэйс не паведамляецца.

Акрамя таго, 8 снежня ў раскладзе аэрапорта значыўся рэйс авіякампаніі Iraqi Airways з Мінска ў Эрбіль. Але, па дадзеных анлайн-табло, ён адменены.

Адмена рэйсаў у Ірак — звычайная практыка, звязаная з тым, што авіяперавозчык імкнецца да максімальнай запаўняльнасці такіх рэйсаў.

Агулам з 18 лістапада Беларусь пакінулі ўжо больш за 3500 мігрантаў, якія на падставе беларускіх турыстычных візаў прыбылі ў краіну і потым намагаліся нелегальна трапіць у Заходнюю Еўропу. Многія пры гэтым паводзілі сябе агрэсіўна, закідвалі польскіх памежнікаў камянямі і ламалі абсталяванне на мяжы.

Паводле афіцыйнай Варшавы, усё гэта адбываецца пад кантролем беларускіх сілавікоў, якія дапамагаюць мігрантам парушаць законы.