«Сітуацыя стабілізавалася»: у Літве заявілі аб перамозе над нелегаламі з Беларусі. Беларускі АМАП рыхтуецца да прарыву мяжы

Кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайтэ заявіла, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю стабілізавалася пасля рашэння не пускаць у краіну мігрантаў.

photo_2021_08_08_11_50_07_logo_1.jpg


«Гэты тыдзень паказвае, што сітуацыя стабілізавалася, але мы сапраўды не можам расслабляцца і павінны быць гатовыя да розных сцэнароў. Але павінна сказаць, што рашэнне, якое было прынята 2 жніўня, сапраўды дае вынікі», — цытуе міністра telegraf.by са спасылкай на BNS.

Нагадаем, у пачатку жніўня Білатайтэ абвясціла рашэнне, што ўсе службы, якія ахоўваюць дзяржмяжу, павінны прыняць неабходныя захады з закона для аховы мяжы і зрабіць усё, каб нелегалы не маглі перасекчы яе ў неналежных месцах. Просьбітаў прытулку вырашана накіроўваць да бліжэйшага міжнароднага кантрольна-прапускнога пункта або ў дыппрадстаўніцтва.

Яна заявіла, што за гэты тыдзень не пусцілі ў краіну каля 200 нелегалаў. Агульная колькасць з дня прыняцця рашэння — 1340 чалавек. У Літве ўзялі толькі 44 чалавекі «па гуманітарных прычынах».

13 жніўня паведамілі пра першага іракца, які пагадзіўся пакінуць лагер для нелегалаў і паляцеў у Ірак. Ён атрымаў 300 еўра. Дадому хочуць вярнуцца яшчэ 14 чалавек.

«Працэс пайшоў, гэта толькі пачатак. Мы будзем захоўваць тэмпы вяртання нелегалаў на радзіму», — сказала Білатайтэ.

Міністр адзначыла, што цяпер нелегальныя мігранты ідуць у суседнія краіны. Паводле яе, у Латвіі з 2 жніўня затрыманыя 320 чалавек, у Польшчы — 515 чалавек, «таму нам важна каардынаваць дзеянні».

Да таго ж, стала вядома, што прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа даў арміі дадатковыя паўнамоцтвы па ахове мяжы. Вайскоўцы цяпер атрымалі права правяраць дакументы і праводзіць дагляд людзей і транспартных сродкаў, а таксама пераследаваць і затрымліваць асоб, якія адмаўляюцца падпарадкавацца іх патрабаванням. Рашэнне прынялі на тры месяцы, але могуць падоўжыць.


«Прарыў» мяжы

Беларускія памежнікі і АМАП 12 жніўня адпрацавалі спробу «прарыву» мяжы ў пункце памежнага пуску Парэчча.

Як піша БелТА, «адпрацоўвалі дзеянні па лакалізацыі канфліктнай сітуацыі ў пункце пропуску: спыненне спробы прарыву праз мяжу транспартнага сродку і захопу закладніка».

Памежны нарад спыняў машыну пры дапамозе сродкаў прымусовага спынення. А кіроўца з пісталетам захопліваў закладніка і вылучаў патрабаванне аб яго пропуску праз мяжу. У той жа час нібыта пасажыры аўтамабіляў на тэрыторыі пункта пропуску арганізоўвалі акцыю пратэсту супраць дзеянняў органаў памежнай службы.

Фота DW

Фота DW


«Сітуацыя на мяжы ў апошні час складаецца няпростая, таму што з сумежных краін спрабуюць выціснуць незаконных мігрантаў. На вучэннях была змадэляваная гісторыя, якая рэальна можа паўстаць у любы момант», — заявіў старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо.

Але, вядома ж, Лапо не сказаў, з якога боку ў «сумежныя краіны» прыйшлі тыя самыя нелегальныя мігранты.