Уладзімір Пастухоў: Патануў сімвал маленькага буржуазнага расійскага шчасця
Расійскі палітолаг і гісторык Уладзімір Пастухоў разважае, што значыць падрыў Крымскага моста для шараговых расіян.
— Патануў сімвал. Але не сімвал велічы і моцы, як мяркуюць, а сімвал маленькага буржуазнага шчасця сучаснага Акакія Акак'евіча, сціплага шрубіку наноў адроджанай імперыі: мора, лічы сваё, убогае, але даступнае, раніцай выехаў — і ўвечары гэтага ці наступнага дня мокнеш у моры на гальцы пад Ялтай.
Гэта быў мост да вялікага шчасця маленькага чалавека, якому вельмі хацелася хоць чымсьці ганарыцца, — напрыклад, мостам.
Мост абваліўся разам з ілюзіяй, што сіяцельны сюзерэн заўсёды абароніць і абагрэе свайго маленькага Башмачкіна. Як жа так? — думае цяпер ён ціха пра сябе, гледзячы вечарамі на Салаўёва з Кісялёвым. Мы вам верылі, таварыш Пуцін…
Нагадаем, як пісаў «НЧ», паводле даных Асацыяцыі тураператараў Расіі, у Крыме цяпер знаходзіцца каля 50 тысяч турыстаў. Асноўным спосабам транспартнага злучэння з Крымам быў узарваны сёння мост, турысты масава бягуць з Крыма і спрабуюць вярнуцца дахаты. Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі паўвострава Сяргей Аксёнаў папрасіў турыстаў застацца — хаця б на суткі. Ён паабяцаў кампенсаваць затраты. Цягнікі і аўтобусныя рэйсы з Крыма адмененыя. Увечары расійскія ўлады заявілі, што па мосце аднавілі рух аўтатранспарту і прайшоў першы цягнік.