Валанцёры закрылі мінскую ініцыятыву «Вулічная медыцына»

Мінская ініцыятыва «Вулічная медыцына», якая займалася аказаннем медыцынскай дапамогі бяздомным людзям, спыняе сваю дзейнасць. Пра гэта сёння паведамілі на яе старонцы ў Instagram.

photo_2021_12_30_11_58_44.jpg


«Мы прынялі такое рашэнне, таму што нам усё складаней у бягучых умовах рабіць тое, што звычайна робяць НКА і дабрачынныя ініцыятывы: легальна весці дзейнасць, распавядаць аб сваёй місіі і каштоўнасцях, дзяліцца гісторыямі валанцёраў і пацыентаў, прыцягваць сродкі і донараў. А таксама забяспечваць бяспеку нашых валанцёраў», — паведамілі прадстаўнікі ініцыятывы.

Яны заклікалі не праходзіць міма бяздомных людзей, цікавіцца, ці патрэбна ім дапамога: «Разам мы зможам зрабіць свет крышачку лепш».

— Мы не былі зарэгістраванай арганізацыяй, мы былі ініцыятывай. Закрываемся, таму што цяпер не можам маштабавацца, не можам прыцягваць сродкі. Апошнія некалькі месяцаў выхады ўжо былі нерэгулярны. Нагрузка вельмі ўзмацнілася, было шмат пацыентаў, а лекараў мала, — дадала Reform.by заснавальніца ініцыятывы Карына Радчанка.


Больш пра ініцыятыву: «Вірус — ад перапуду». Як дапамагаюць бяздомным у час пандэміі, у якую яны не вераць


Праект праіснаваў тры гады — з лістапада 2018-га. Карына ініцыявала яго, яшчэ будучы студэнткай БДМУ. Пазней дзяўчына прыцягнула аднадумцаў, усяго ў ініцыятыве было каля 20 валанцёраў. Кожныя выходныя валанцёры прыходзілі ў месцы раздачы ежы, каб правесці бяздомным медагляд, зрабіць свежыя перавязкі, вымераць тэмпературу і ціск і пры неабходнасці выдаць таблеткі.

23 студзеня гэтага года сілавікі затрымалі Карыну Радчанку і асістэнтку-валанцёрку Таццяну Лабазу падчас агляду бяздомных людзей у Міхайлаўскім скверы. Дзяўчат асудзілі на 15 сутак арышту.