Выйшаў на волю яшчэ адзін асуджаны па «справе карагодаў» — былы журналіст «Беларусь 4»

Былога вядучага праграмы «Ранішні эспрэса» на «Беларусь 4» (ТРК «Брэст») Канстанціна Свідуновіча 30 жніўня 2021 года асудзілі па «справе карагодаў». Судзя Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Куроўскі прысудзіў Свідуновічу паўтара года «хіміі», нагадваюць праваабаронцы.

photo_2022_07_26_11_36_11.jpg

Тэрмін Канстанцін з 11 снежня 2021 года адбываў у Шклове. Учора, 25 ліпеня, палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы пакаранне.

Нагадаем, 13 верасня 2020 года ў Брэсце група пратэстоўцаў выйшла на праезную частку на скрыжаванні праспекта Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі і вадзіла карагоды. Дэманстрантаў разагналі вадамётамі. Паводле абвінавачання, яны парушылі не толькі грамадскі парадак, але і працу транспарту, нанеслі шкоду тралейбуснаму і аўтобуснаму паркам, а таксама нібыта па іх віне зачыніліся арганізацыі гандлю і харчавання.