За «лайк» у фэйсбуку. Стала вядома, за што затрымалі і судзяць журналіста Сяргея Няроўнага
Сяргей Няроўны паставіў у сацыяльнай сетцы знак, што яму падабаецца заблакаваны ўладамі буйнейшы беларускі інтэрнэт-партал, які быў прызнаны экстрэмісцкім. Гэта палічылі правапарушэннем.
![0b2dd398_515c_4ff7_814c_7a0c501f0dbd_w1023_r1_s.webp 0b2dd398_515c_4ff7_814c_7a0c501f0dbd_w1023_r1_s.webp](/img/v1/images/0b2dd398_515c_4ff7_814c_7a0c501f0dbd_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На крычаўскага журналіста, былога рэдактара газеты «Вольны
горад» Сяргея Няроўнага завялі адміністрацыйную справу за тое, што на ягонай
старонцы ў Facebook «размешчаная інфармацыйная прадукцыя, а менавіта адзнака «падабаецца», інтэрнэт-сайта «Беларускі партал Tut.by», які рашэннем суду
Цэнтральнага раёну Мінска ад 13 жніўня 2021 году ўключаны ў рэспубліканскі
спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Так запісана ў рапарце ўчастковага інспектара
Крычаўскага РАУС Сцепаненкі, адзначае «Свабода».
З прычыны гэтага лайку ў мінулую суботу Сяргея Няроўнага
затрымалі, агледзелі дом, забралі тэхніку, а самога пакінулі ў ізалятары да
суду.
Працэс над Сяргеем Няроўным пачаўся 18 кастрычніка, аднак суддзя Азаранка пастанавіў зрабіць перапынак да 20 кастрычніка.