«Магчыма любая самаўпраўнасць». Юрыст — пра прызнанне экстрэмісцкім фарміраваннем dze.chаt

Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка прапануе для разумення сітуацыі звярнуцца да азначэнняў паняццяў «экстрэмісцкае фарміраванне» і «экстрэмісцкая дзейнасць» з Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

43601459_303.jpg

Экстрэмісцкае фарміраванне – група грамадзян, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць альбо аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята рашэнне МУС ці КДБ аб прызнанні яе экстрэмісцкай.
Экстрэмісцкая дзейнасць (экстрэмізм) – гэта дзейнасць, у тым ліку грамадзян, арганізацый, фарміраванняў па планаванні, арганізацыі, падрыхтоўцы і здзяйсненні замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку ў розных пералічаных у законе формах.
«Гэтыя дэфініцыі нявызначаныя і шырокія. Напрыклад, на грамадскую бяспеку замахваюцца любыя злачынствы, аднак упэўнена можна сказаць, што не ўсе злачынствы з'яўляюцца экстрэмісцкімі. Таму ў адсутнасць дэмакратычна прынятага закона, які б засноўваўся на Канстытуцыі і міжнародных абавязках Беларусі, магчыма любая самаўпраўнасць. Для гэтага шмат не трэба: прызнаць любую групу грамадзян, якія ажыццяўляюць дзейнасць, накіраваную на прычыненне шкоды грамадскай бяспецы. Для гэтага цяпер нават не патрэбны суд. А далей па абноўленым Крымінальным кодэксе можна прыцягваць да крымінальнай адказнасці кожнага з гэтай «групы», хто, напрыклад, заклікае да несанкцыянаваных мірных сходаў або нават апраўдвае іх правядзенне. Гэта ўсё ўжо будзе дзейнасць у складзе экстрэмісцкага фарміравання», – кажа Павел Сапелка.