Заява: Калі ЕС не забароніць візы для расіян, Літва будзе шукаць «рэгіянальнае рашэнне»
Калі Еўрасаюз не дамовіцца аб нявыдачы турыстычных віз расіянам, то афіцыйныя ведамствы Літвы будуць абмяркоўваць магчымасць зрабіць гэта на рэгіянальным узроўні, заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
«У першую
чаргу, мы будзем імкнуцца да еўрапейскага рашэння, таму што яно самае
ўстойлівае, самае дакладнае з прававога пункту гледжання. (...) Калі такога не
будзе, мы не выключаем магчымасць пошуку рэгіянальнага рашэння, якое ўключала б
краіны Балтыі, Польшчу і патэнцыйна Фінляндыю», — цытуе міністра Delfi.
Нагадаем, пытанне нявыдачы турыстычных шэнгенскіх віз зараз актыўна дэбатуецца ў Еўропе. Некалькі краін, у тым ліку дзяржавы Балтыі, выступаюць за забарону на візы, але буйныя члены ЕС кшталту Германіі і Францыі не падтрымліваюць такую ідэю. Не ў захапленні ад прапановы і кіраўніцтва Еўрасаюза.
Што да беларусаў, то ў той жа Літве турыстычныя візы нашым суайчыннікам не выдаюць з 2020 года, але працягваюць выдаваць гуманітарныя, якія атрымліваюць палітычныя ўцекачы ад рэжыму Лукашэнкі.