«Затрымліваць актывістаў стачкамаў — як тушыць пажар бензінам»

Сітуацыя на многіх прадпрыемствах з боку здаецца даволі незразумелай. Адназначна сцвярджаць аб страйках на прадпрыемствах не прыходзіцца. Да таго ж улады на ўсю катушку ўключылі рэпрэсіўную машыну. Аднак...

mmz_logo.jpg


Нагадаем, 25 жніўня былі затрыманыя 28 супрацоўнікаў "Гродна Азота". Праўда, у той жа дзень іх адпусцілі. Затрымлівалі таксама лідара стачкама "Беларуськалія" Анатоля Бокана і экс-старшыню БНП Мікалая Зіміна. Ім прысудзілі штрафы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
— Замест таго, каб пачаць размаўляць з рабочымі, прапаноўваць шляхі развязання канфлікту і нават проста боўтаць сітуацыю і карміць абяцаннямі, улады ўключылі рэпрэсіі, — адзначае ў інтэрв'ю «Салідарнасці» старшыня БНП Максім Пазнякоў. — Яны спрабуюць запалохаць работнікаў, якія ўваходзяць у стачкамы, і проста тых, хто актыўна выказвае сваю пазіцыю або выходзіць на пратэсты. Але гэта як тушыць пажар бензінам. Людзі становяцца толькі злей.
Па словах прафсаюзнага лідара, усе гэтыя крокі ўладаў былі цалкам прадказальныя, таму многім толькі дадаюць рашучасці ісці да канца.
— Паглядзіце, што зрабілі работнікі «Гродна Азоту» пасля ўчорашняга затрымання іх калегаў. Позна ўвечары на самай высокай кропцы будынка вывесілі бел-чырвона-белы сцяг. Таму сваімі дзеяннямі ўлады толькі пагаршаюць сваё становішча — лічыць Максім Пазнякоў.
Зрэшты, не абыходзіцца і без правакацый. Напрыклад, нядаўна абмяркоўваўся ліст за подпісам намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Нафтан» па ідэалагічнай рабоце Сяргея Еўтушыка да работнікаў «Гродна Азот». У ім было сказана, што «нафтанаўцы» просяць «гарадзенцаў» адмовіцца ад страйку.
— Людзі шчыра абураліся з нагоды таго, якое Еўтушык меў права гаварыць ад імя ўсяго калектыву? Самі работнікі з такімі заявамі не выступалі і ніякіх лістоў не пісалі — адзначае Максім Пазнякоў. — Наадварот, работнікі розных прадпрыемстваў цяпер праяўляюць вялікую салідарнасць. Магчыма, не ўсе гатовыя прама страйкаваць, хтосьці працуе ў рэжыме італьянскай забастоўкі, хтосьці выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў і ўступае ў незалежны. Вялікую салідарнасць цяпер праяўляюць прафсаюзы ўсяго свету.
Як будзе развівацца сітуацыя ў бліжэйшы час, прафсаюзны лідар пакуль не можа сказаць.
— Улады не робяць нічога, што магло б пагасіць абстаноўку. І гэта вельмі небяспечна. Забіраючы наша законнае права страйкаваць, яны могуць давесці сітуацыю да страшных наступстваў. Людзі вельмі азлобленыя! — тлумачыць Максім Пазнякоў.
Не выклікаюць упэўненасці на адэкватнае вырашэнне сітуацыі і паводзіны Лукашэнкі.
— З'яўленне з аўтаматам выклікала толькі ўсмешку. Прынамсі ў тых людзей, якіх я ведаю. Можа, на баявых бабуль з мітынгаў за Лукашэнку гэта неяк дзейнічае, але ў разважных паўстала толькі большае перакананне, што з гэтым маразмам трэба заканчваць. Слухайце, у нас гранаты кідалі. Чым яшчэ вы можаце нас напалохаць?
Анастасія Зелянкова, "Салідарнасць", gazetaby.com